Археолагі састарылі Мінск на 70 гадоў
Раскопкі на рацэ Менка / t.me/iinanb/
Мур вакол старажытнага горада на рацэ Менка пачаў будавацца ў 997 годзе, высветлілі археолагі падчас раскопак на поўдні Мінска. А гэта значыць, Мінск старэйшы, чым мы думалі.
"Мы цалкам даследавалі ўсю канструкцыю сцяны і яе далейшы лёс. І дзякуючы дэндрахраналагічнаму аналізу атрымалі дакладную дату, калі гэтая сцяна пачала ўзводзіцца. Гэта быў 997 год", — кажа археолаг Андрэй Вайцяхоўскі, які кіруе раскопкамі.
У той год тут пачалі секчы дубы і майстраваць з іх гэты мур. Таму гэты год можна лічыць датай заснавання Мінска.
"Горад гэты, безумоўна, з'яўляецца летапісным Менскам на рацэ Менка", — сцвярджае археолаг.
Пазней Менск быў разбураны — і адбудаваны на Свіслачы, крыху на поўнач ад сваёй калыскі. А на месцы, дзе ён першапачаткова будаваўся, была ўзведзеная сядзіба. Навукоўцы прадставяць свае высновы гарадскім уладам. Менавіта ад іх залежыць, ці будзе год заснавання горада перанесены афіцыйна.