На Менцы разабралі драўляныя абарончыя канструкцыі вала старажытнага горада
Дрэва чакае кансервацыя / t.me/iinanb/
На археалагічным комплексе на Менцы разабралі драўляныя абарончыя канструкцыі вала старажытнага горада Х стагоддзя (перад гэтым навукоўцы ўсё зафіксавалі), паведамляе Інстытут гісторыі НАН Беларусі. Спецыялісты будуць займацца іх кансервацыяй. Апрацоўка будзе праходзіць у некалькі этапаў (папярэдняя апрацоўка зрубаў археалагічнага дрэва, сушка, правядзенне кансервацыйных работ) і зойме не адзін месяц.
Дырэктар інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза гаварыў у пачатку вясны, што пасля кансервацыі 1000-гадовыя драўляныя канструкцыі ўдасца захаваць яшчэ на 1000 гадоў.
Маштабныя археалагічныя раскопкі на рацэ Менка ў раёне вёскі Гарадзішча ў Мінскім раёне праходзяць з 2023 года. Мяркуецца, што менавіта там быў летапісны Менск. У сакавіку сёлета Лакіза заявіў, што драўніна з асновы вала гарадзішча на рацэ Менка адносіцца да Х стагоддзя. Археолагам паставілі задачу шукаць больш звестак пра "самую раннюю гісторыю беларускай дзяржаўнасці" чыноўнікі (пра неабходнасць такіх даследаванняў у чэрвені 2022-га заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка). І яны не падвялі. Цяпер афіцыйна могуць прызнаць: Мінску больш за 1000 гадоў. Пакуль жа першая згадка пра горад датуецца сакавіком 1067 года.
Чакаецца, што Менка стане буйным турыстычным аб'ектам.