Аргументам у АДКБ была расійская армія, а яна гіне. Што будзе далей?
Сустрэча АДКБ у Крамлі / CSTO summit
Еўрарадыё папрасіла гісторыка, палітолага Розу Турарбекаву адказаць на самыя папулярныя пытанні пра АДКБ.
"Арменія фактычна ў ізаляцыі"
Экспертка растлумачыла, чаму прэзідэнт Арменіі Нікол Пашынян адмовіўся падпісаць выніковую дэкларацыю АДКБ, але, нягледзячы на расчараванне арганізацыяй, не можа вывесці краіну з яе.
— Я здзіўленая, што гэтага не адбылося раней — такога дэмаршу Арменіі супраць АДКБ. Неаднаразовыя звароты Арменіі да АДКБ па дапамогу заставаліся без увагі, дапамога не была аказаная. Гучалі палітычныя ацэнкі не ў тым фармаце, у якім яны былі патрэбныя Арменіі.
Так што гэта быў адзіна магчымы крок, на які мусіў пайсці Пашынян.
Але чаму Арменія не выходзіць з блока? Шмат у чым гэта звязана з уплывам Уладзіміра Пуціна. Бо Расія выступіла адным з правайдараў мірнага ўрэгулявання канфлікту і дагэтуль застаецца гарантам бяспекі армян у Нагорным Карабаху.
— У сувязі з гэтым адмовіцца ад такога стратэгічнага партнёра і не атрымаць іншага такога ж азначае падвергнуць сябе яшчэ большай небяспецы і рызыцы нападу з боку Азербайджана. Арменія фактычна знаходзіцца ў ізаляцыі ў рэгіёне.
Чаму Такаеў такі смелы?
У прысутнасці Уладзіміра Пуціна Касым-Жамарт Такаеў называе вайну ва Украіне вайной. Чаму ён такі смелы?
— Такаеў — дасведчаны дыпламат, ён тонка адчувае міжнародную кан'юнктуру і прытрымліваецца прынцыповых з пункту гледжання міжнароднага права рэчаў, якія ўмацоўваюць пазіцыі Казахстана. І на міжнароднай арэне, і ў вачах КНР.
Тое, што вам можа падацца адвагай, — лагічныя паводзіны казахскага прэзідэнта. Казахстан ніколі не падпадаў пад санцыі — ні з боку ЕС, ні з боку ЗША.
Казахстан даволі ўдала дыстанцыюецца ад вайны, ад расійскай агрэсіі. Казахстан не стаў адмаўляцца ад расіян, што ўцяклі ад мабілізацыі. Я не чула, каб там былі сур'ёзныя цяжкасці для іх.
У цэлым гэта вельмі ўмераны гулец, і пакуль Такаеву ўдаецца трымацца гэтай умеранай пазіцыі, не асабліва выклікаючы агонь на сябе, але выказваючы даволі паслядоўна сваю пазіцыю.
Хто не выжыве без АДКБ?
Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан спакойна могуць сябе адчуваць па-за АДКБ, кажа Турарбекава.
— У іх выбудаваныя свае спецыфічныя адносіны з Расіяй. Тым больш АДКБ заняло досыць дзіўную пазіцыю ў кыргызска-таджыкскім канфлікце. І гэта таксама стала расчараваннем, і Кыргызстан таксама зрабіў пэўны дэмарш, адмовіўшыся прымаць у сябе вучэнні. У цэлым АДКБ трашчыць па швах.
Чаму Лукашэнка так перажывае за АДКБ?
У наступным годзе старшынства ў АДКБ пяройдзе да Беларусі. Але Турарбекава кажа, што гэта нічога не мяняе, бо будучыня арганізацыі залежыць не ад Беларусі, а ад Расіі.
— Будучыня АДКБ залежыць ад таго, чым скончыцца вайна. Старшынства Беларусі нічога не вырашае.
Пуціну не патрэбны Аляксандр Лукашэнка, каб уплываць на краіны АДКБ. Аргументам у АДКБ была расійская армія. А яна цяпер гіне. І саюзнікі гэта разумеюць. Таму крытыка будзе гучаць усё мацней.
І ўсё ж Лукашэнку відавочна турбуе лёс АДКБ.
— Ён клапоціцца пра тое, каб антызаходні фронт захоўваў адзінства шэрагаў. Але для краін Цэнтральнай Азіі пытанне стаіць не так. Праблемы Аляксандра Лукашэнкі іх не датычаць.