Арахамія заявіў, што на Данбасе штодзень гіне да 500 украінскіх байцоў
Кіраўнік фракцыі "Слуга народа" ў Вярхоўнай Радзе і кіраўнік украінскай дэлегацыі на мірных перамовах з Расіяй Давід Арахамія падчас візіту ў ЗША заявіў, што штодзень у баях на Данбасе гіне ад 200 да 500 украінскіх вайскоўцаў (з параненымі — да тысячы).
Раней украінскія афіцыйныя асобы называлі меншыя лічбы. Той жа прэзідэнт Уладзімір Зяленскі гаварыў пра 60-100 загінулых і 500 параненых штодня. Арахамія ж кажа, што колькасць загінулых істотна вырасла ў апошнія два тыдні. Якраз у гэты час інтэнсіўныя баі вядуцца ў Севераданецку і ў наваколлі.
"У нас ёсць людзі, навучаныя атакаваць, контратакаваць, але для гэтага нам патрэбная зброя", — заявіў Давід Арахамія. Паводле яго слоў, ва ўкраінскім войску цяпер каля мільёна чалавек. Ёсць магчымасць прызваць яшчэ два мільёны.