АПК пракаментаваў сітуацыю са Стрыжаком, але не назваў яго імя
Андрэй Стрыжак
Аб’яднаны пераходны кабінет выступіў з заявай "наконт этычных нормаў дзейнасці прадстаўнікоў дэмакратычных сіл". Фактычна гэта рэакцыя на скандал з Андрэем Стрыжаком, аднак у заяве АПК яго імя ні разу не згадваецца.
Аўтары заявы адзначаюць, што апошнгім часам "некаторыя прадстаўнікі дэмакратычнага руху, якія рэпрэзентуюць грамадскасць і прэтэндуюць быць лідарамі меркавання, не заўжды дэманструюць важныя этычныя стандарты ў сваім персанальным жыцці і прафесійнай дзейнасці".
У АПК падкрэсліваюць, што такія сітуацыі датычаць паводзінаў не аднаго чалавека. Яны ўплываюць на агульныя этычныя стандарты дэмакратычнай супольнасці і грамадскай думкі.
"Мы лічым недапушчальным любую праяву харасменту ці дамаганняў, выкарыстанне свайго статусу ў грамадзянскай супольнасці дзеля паводзінаў, што парушаюць асабістыя межы іншых людзей, кранаюць, зневажаюць, абражаюць жанчын і ствараюць прастору эмацыйнай, псіхалагічнай і фізічнай небяспекі для іх. Трэба заўсёды памятаць, што любая ўлада пачынаецца з усведамлення асабістай адказнасці за свае ўчынкі і адносіны з тымі, хто табе давярае", — гаворыцца ў заяве.
Аўтары дакумента падкрэсліваюць, што людзі, якія займаюць адказныя пазіцыі ў палітычных структурах і грамадскіх ініцыятывах, павінны ўсведамляць: прычыненая імі шкода мае значэнне і наступствы для ўсёй супольнасці.
"Мы застаемся прыхільнікамі дэмакратыі, празрыстасці, павагі і асабістай адказнасці. І мы лічым, што адкрытае абмеркаванне складаных тэм — гэта не пагроза, а праява моцнай, дарослай і здаровай супольнасці, а таксама адмены культуры замоўчвання, якая ёсць часткай патрыярхату", — адзначаецца ў звароце.
Людзі, якія маюць грамадскі аўтарытэт ці выконваюць публічную ролю, нясуць большую адказнасць за свае словы і дзеянні, нагадваюць аўтары заявы.
Напярэдадні стала вядома, што кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак рассылаў дзяўчатам фатаздымкі свайго пеніса без іх на тое згоды. Актывіст прызнаў гэты факт. Гісторыя выклікала вялікі розгалас.