Амерыканскі эсмінец сутыкнуўся з нафтавым танкерам
Амерыканскі эсмінец “Джон С. Макейн” сутыкнуўся з нафтавым танкерам, які быў пад сцягам Ліберыі і вёз з Тайваня амаль 12 тысяч тон нафты. Здарэнне адбылося на ўсход ад Сінгапура, у Малакскім праліве. Як інфармуе “Бі-Бі-Сі”, пацярпелі пяць амерыканскіх маракоў (чатырох з іх эвакуявалі ў шпіталь у Сінгапур), яшчэ дзесяць зніклі без вестак, іх шукаюць з дапамогай верталётаў. Агулам на эсмінцы былі 338 чалавек.
Здарэнне адбылося ў 5.24 раніцы па мясцовым часе. Эсмінец накіроўваўся ў порт Сінгапура пасля патрулявання ў Паўднёва-Кітайскім моры. Адзначаецца, што танкер утрая большы за амерыканскі эсмінец. На здымках відаць, што эсмінец атрымаў значныя пашкоджанні. На шчасце, разліву нафты не адбылося.
Нагадаем, у чэрвені каля Японіі адбылося сутыкненне амерыканскага эсмінца “Фіцджэральд” і кантэйнеравоза з Філіпін.