Амаль 40 мігрантаў спрабавалі нелегальна трапіць у Літву ў ноч на сераду

Мігранты на беларуска-літоўскай мяжы

Мігранты на беларуска-літоўскай мяжы / DELFI

У ноч на сераду з Беларусі ў Літву нелегальна перайсці мяжу спрабавалі 38 чалавек, паведамляе DELFI са спасылкай на літоўскіх памежнікаў.

Першую групу мігрантаў зафіксавалі ўначы ў Варэнскім раёне. Дзевяцярых чалавек з самаробнымі лесвіцамі давялі да мяжы двое мужчын, якія хавалі свае твары — літоўцы мяркуюць, што гэта маглі быць прадстаўнікі дзяржструктур Беларусі. Потым праваднікі пайшлі, а мігранты паставілі лесвіцы, абапёршы іх на ахоўны бар'ер з калючым дротам. Яны планавалі падняцца на вышыню 4,5 м і потым саскочыць з плота.

Калі мігранты наблізіліся да плота, іх зафіксавалі літоўскія памежнікі, якія адразу выехалі на месца здарэння. Парушальнікі мяжы нават не паспелі забрацца на лесвіцу, калі пабачылі агні машыны памежнікаў. Мігранты адразу ж вярнуліся на тэрыторыю Беларусі. Памежнікі забралі пакінутыя імі лесвіцы.

Яшчэ дзве групы мігрантаў былі заўважаныя ў Лаздзійскім раёне. У абодвух выпадках памежнікі рэагавалі імгненна. Мігранты, не паспеўшы перабрацца на на тэрыторыю Літвы, адышлі ўглыб Беларусі.

Польская памежная служба паведамляе пра 110 спробаў нелегальнага пераходу мяжы з тэрыторыі Беларусі за мінулыя суткі. Таксама адзначаецца, што мігранты кідаліся камянямі ў польскіх патрульных. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.