"Альтэрнатыва для Германіі" запыталася ў свайго ўрада пра фінансаванне BYSOL

Нямецкі палітык ад AfD Ёрг Дорнаў мае цыбульны бізнэс у Беларусі

Нямецкі палітык ад AfD Ёрг Дорнаў мае цыбульны бізнэс у Беларусі / sb.by

Дэпутаты нямецкай партыі "Альтэрнатыва для Германіі" (AfD) накіравалі ў Бундэстаг запыт пра фінансаванне беларускага фонду BYSOL і падтрымку беларускіх палітвязняў, якія знаходзяцца ў Германіі. Гэтую партыю лічаць прарасійскай і характарызуюць як папулісцкую.

У сваім запыце дэпутаты AfD цікавяцца, ці фінансуецца дзейнасць фонду BYSOL з федэральнага бюджэту Германіі, ці атрымліваюць беларускія экс-палітвязні нямецкія дзяржаўныя сродкі. Таксама яны просяць агучыць пазіцыю ўрада наконт вызвалення Сяргея Ціханоўскага і яшчэ трынаццаці чалавек, што адбылося падчас візіту ў Беларусь спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Кіта Келага.

Таксама дэпутаты AfD цікавяцца, як нямецкі ўрад адрэагаваў на просьбы беларускай Генпракуратуры аб прававой дапамозе ў так званай "справе пра генацыд".

Заснавальнік і кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак у Фэйсбуку пракаментаваў гэта наступным чынам: "Дзіўная ўвага з боку партыі, дэпутат якой зарабляе на працы палітычных арыштантаў у Беларусі. Маленькая паслуга для беларускіх госаў за вырашчаную цыбульку?".

Раней вялікі скандал узнік з нямецкім палітыкам Ёргам Дорнаў, які займаўся вырошчваннем і імпартам цыбулі з беларусі. Выявілася, што на яго прадпрыемствеу "Цыбулька-Бел" выкарыстоўваюць прымусовую працу палітвязняў, і сам ён таксама прыязджае на плантацыі час ад часу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.