Алег Дулуб: Пажадаў "Крумкачам" удачы

Алег Дулуб: Пажадаў "Крумкачам" удачы

У чацвер, 6 кастрычніка, пацвердзілася ранейшая неафіцыйная інфармацыя, што папулярны мінскі футбольны клуб "Крумкачы" пакідае галоўны трэнер Алег Дулуб. Ужо сёння ўдзень спецыяліст злятае ў Львоў, каб падпісаць кантракт з тамтэйшай камандай "Карпаты".

Еўрарадыё заспела Дулуба на шляху ў аэрапорт. Сыход з "Крумкачоў" ён каментуе неахвотна — кажа, тэлефануйце пазней, калі будуць навіны. А пра тое, што сказаў на развітанне футбалістам, з якімі за няпоўны год здолеў выйсці ў вышэйшую лігу беларускага футбольнага чэмпіянату, трэнер адказаў каротка: "Пажадаў ім удачы".

Алег Дулуб — савецкі і беларускі футбаліст, трэнер. Трэнерскую кар'еру пачаў у Дзяржынску, пасля паспяхова працаваў у мінскім "Дынама". А ў 2015 годзе ачоліў "Крумкачы". За тры гады гэтая каманда (за агрэсіўны піяр клуб называюць футбольнымі хіпстарамі) прайшла шлях ад аматарскай каманды да сур'ёзнага саперніка лепшых футбольных клубаў Беларусі. Пачатак сезона каманда правяла вельмі добра, трымаючыся ў верхняй палове табліцы. Але далей "Крумкачоў" чакаў крызіс: з апошніх дзесяці матчаў яны не здолелі выйграць ніводнага.

Старшыня праўлення ФК "Крумкачы" Дзяніс Шунто выказаў Алегу Дулубу падзяку за вылізны ўнёсак у развіццё клуба. Паводле слоў Шунто, Дулуб — гэта частка гісторыі "Крумкачоў", яго імя ў ёй застанецца назаўсёды.