Актывіста з Рэчыцы асудзілі на 2 гады калоніі за каментар пра Лукашэнку
Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.
Актывіста з Рэчыцы Вадзіма Здаравеннага асудзілі на 2 гады калоніі па артыкуле аб абразе Лукашэнкі, паведамляе "Флагшток". Яго пакаралі за адзін каментар пра Лукашэнку ў сацсетцы.
Вадзім Здаравеннаў нарадзіўся ў Рэчыцы, жыў у Мінску, займаўся фатаграфіяй. Яго затрымалі ў жніўні 2025 года — у той жа дзень, калі на мяжы пры вяртанні ў Беларусь затрымалі яго брата, Алеся Здаравеннага.
У 2020 годзе Алесь браў удзел у мірных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. За гэта яго тады прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Наступны раз яго аштрафавалі на 1160 рублёў за вывешаны на ўласным падворку беларускі нацыянальны сцяг.
Справу Алеся расследуе КДБ, сутнасць абвінавачванняў супраць яго невядомая. Мужчына ўсё яшчэ знаходзіцца ў СІЗА.