Ад імя палітзняволенай Рабковай прыходзяць правакацыйныя фэйкавыя лісты

Ад імя палітзняволенай Рабковай прыходзяць правакацыйныя фэйкавыя лісты

Ад імя палітзняволенай Марфы Рабковай прыходзяць фэйкавыя лісты, паведамляюць праваабаронцы "Вясны". 

Маці аднаго з цяперашніх вязняў атрымала ад дзяўчыны ліст, у якім гаворыцца пра " фашыстаў з КДБ і ГУБАЗіК" і "абвінавачванні ў адміністраванні чатаў".

Почырк у лісце не супадае з почыркам Рабковай, што пацвердзілі і яе сваякі. Да таго ж, і сама дзяўчына перадала з ізалятара, што не пісала ніякіх лістоў гэтай жанчыне.

Праваабаронцы мяркуюць, што такім чынам невядомыя хацелі справакаваць жанчыну на радыкальныя выказванні, якія пазней можна выкарыстоўваць у матэрыялах справы. 

Дарэчы, лісты ад маці і бацькі да Рабковай не даходзяць. Дзяўчыну трымаюць у маленькай камеры і не выводзяць на шпацыр. Апошнім часам у яе пачала балець спіна.

Каардынатарку "Вясны" Марфу Рабкову разам з мужам Вадзімам Жаромскім затрымалі 17 верасня. Яна праходзіць па крымінальнай справе паводле ч.3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — "навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках альбо фінансаванне такой дзейнасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.