У Мінску праграміст падрабляў электронныя праязныя білеты
Цяпер яго падазраюць у несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі.
63-гадовы праграміст з Мінска вырашыў зэканоміць на аплаце праезду ў сталічным транспарце. Ён працаваў на прадпрыемстве, якое спецыялізуецца на выпуску білетаў-радыёкартак і таму меў доступ да адпаведнага абсталявання. Мужчына перапраграмаваў электронныя праязныя з выбраным лімітам паездак такім чынам, што іх і далей можна было выкарыстоўваць шмат разоў.
Гэтыя “вечныя праязныя” праграміст перадаў сваёй дачцэ і некалькім знаёмым. Аднак падман выкрыўся вельмі хутка — праваахоўнікі вызначылі асобы ўсіх уладальнікаў фальшывых праязных, а таксама іх вытворцу.
Цяпер праграміста падазраюць у несанкцыянаваным доступе да камп'ютарнай інфармацыі, здзейсненым з карыслівай або іншай асабістай зацікаўленасці. Следчы камітэт высвятляе памер матэрыяльнай шкоды, нанесенай выкарыстаннем падробленых праязных.