29-гадовы рэцыдывіст у Хойніках забіў суседку-пенсіянерку табурэтам
Трывогу ўзняла сацыяльная работніца, якая прыйшла да жанчыны.
У Хойніках на Гомельшчыне гвалтоўнай смерцю загінула 86-гадовая жанчына. Як паведамляе БЕЛТА, увечары 22 лютага да яе зайшоў нецвярозы 29-гадовы сусед. Малады мужчына не менш за два разы стукнуў суседку па галаве тарбурэтам. Ад атрыманых траўмаў яна памерла на месцы.
Пра злачынства міліцыянтам паведаміла сацыяльная работніца. 23 лютага яна прыйшла ў дом і пабачыла адчыненыя ўваходныя дзверы і раскіданыя ў доме рэчы. Сацыяльная работніца звярнулася да следча-аператыўнай групы, якая працавала на той жа вуліцы з нагоды крадзяжу. Міліцыянты пры аглядзе дома выявілі ў адным з пакояў на ложку труп жанчыны з прыкметамі гвалтоўнай смерці.
Падазраванага ў злачынстве затрымалі на працягу некалькіх гадзін. Гэта мясцовы непрацуючы жыхар, які раней неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Следства мяркуе, што і згаданы крадзеж таксама ўчыніў ён.
Пакуль жа праваахоўнікі пачалі крымінальную справу за забойства заведама састарэлага.
Ілюстрацыйнае фота