$270 тысяч канфіскаваныя і скрадзеныя, але візавы цэнтр ізноў працуе!

$270 тысяч канфіскаваныя і скрадзеныя, але візавы цэнтр ізноў працуе!

На месцы візавага цэнтра, грошы якога ў пачатку студзеня скраў аператыўнік з упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (ГУБАЗіК), працуе... візавы цэнтр. Турфірма месціцца па тым жа адрасе: вул. Камсамольская, 18, офіс 210 — і гатовая прыняць вашы дакументы, каб за адзін дзень(!) адкрыць вам шматразовы "Шэнген".

З часу, калі міліцыя і дзяржаўныя СМІ прадставілі супрацоўнікаў візавага цэнтра беспрынцыпнымі злачынцамі, як кажуць, не прайшло і паўгода. У снежні сілавікі "ўзялі" турфірму і заявілі, што яна тры гады падрабляла дакументы, неабходныя для атрымання шэнгенскіх візаў. Гэтым нібыта карысталіся, у тым ліку, і нелегальныя мігранты. 

Вось як пра міліцэйскую аперацыю распавядае тэлеканал АНТ:

"На гэтых кадрах аператыўнікі ўскрываюць офіс турфірмы практычна ў цэнтры сталіцы. Тут жа з доказамі злачынства затрыманыя дырэктар і супрацоўнікі цэнтра. У офісе аператыўнікі знайшлі сотні штампаў юрыдычных асобаў, банкаў і прыватных арганізацый, а таксама станок для вырабу такіх штампаў. Акрамя таго, канфіскавана каля тысячы гатовых пакетаў дакументаў, у тым ліку пашпатры беларусаў, украінцаў, працоўныя кніжкі, а таксама звыш 300 тысяч долараў".
Відэа: АНТ

Што праўда, дзверы сапраўднага візавага цэнтра абсалютна не падобныя на тыя, якія ўзламываюць міліцыянты. На іх бачна лічбу 73, а офіс турфірмы мае нумар 210. Унутры журналіста Еўрарадыё сустракае прыемная дзяўчына — намесніца дырэктара. Па яе словах вобшук і затрыманні адбываліся не ў офісе, а на кватэры кіраўніка візавага цэнтра.

"Аляксей дагэтуль знаходзіцца за кратамі", — з сумам распавядае яна. Але распавядае пра крымінальную справу неахвотна, бо забараняе адвакат затрыманага. Дадае толькі: "Ні да якой нелегальнай міграцыі наш цэнтр дачынення не мае, гэта глупства".

$270 тысяч канфіскаваныя і скрадзеныя, але візавы цэнтр ізноў працуе!
Скрыншот: vizacenter.by

Увогуле, уся фірма — гэта адзін невялічкі пакой, у якім стаіць адзін стол і працуе адзін чалавек. Ні сейфа, ні іншага месца, дзе можна было б захоўваць $300 тысяч, тут няма. Але намесніца дырэктара пацвярджае: грошы сапраўды канфіскаваныя. 

Праз некалькі дзён пасля "аперацыі" міліцыянты назвалі канкрэтную лічбу: 269150 долараў. У красавіку высветлілася, што адзін з аператыўнікаў скраў грошы з сейфа ў будынку ГУБАЗіК і збег з імі ў Румынію.

Калега несумленнага міліцыянта зараз шукае новую працу.

Пытаюся, як візавы цэнтр працуе без кіраўніка.

"Зараз у нас новая юрыдычная асоба", — тлумачыць намесніца дырэктара. ТАА "Самвік", звесткі якога зараз пазначаныя на сайце ў раздзеле "Кантакты", не мае дачынення да той кампаніі, грошы якой у студзені скраў аператыўнік ГУБАЗіК, пракаментаваў Еўрарадыё дырэктар фірмы, якая зараз парацуе ў офісе 210 па вуліцы Камуністычнай, 18.

Амбасады працягваюць супрацоўніцтва з фірмай нават пасля таго, як туды наведаліся сілавікі. Можна зрабіць польскі "шэнген", можна "літоўскі" — куды падаваць дакументы, выбірае кліент.

Ад візавага цэнтра да ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, супрацоўнікі якога спачатку канфіскавалі, а пасля скралі грошы, — 250 метраў. Дырэктар цэнтра за кратамі, супраць яго заведзеная крымінальная справа. Але фірма працягвае працаваць. 

Гэта ўсё выглядае вельмі дзіўна. Пра тое, як саспела ідэя злачынства, нам пакуль што застаецца толькі здагадвацца. Вядома, што міліцыянты хадзілі побач з візавым цэнтрам кожны дзень. Адзін з іх атрымаў візу (ці не ў гэтым жа цэнтры?) і іншае грамадзянства (у паслугах візавага цэнтра ёсць "Атрыманне віда на жыхарства ў Еўропе"). А пасля схавацца ў краіне, якая сваіх грамадзянаў не выдае.

"Вы ж разумееце: там [у ГУБАЗіК. — Еўрарадыё] працуюць людзі, якія кожны дзень маюць справу з бізнесоўцамі і іх схемамі. Яны бачаць, што працуе — а што не, дзе можна схавацца", — распавядае сваю версію намесніца дырэктара візавага цэнтра.

У выніку, калі кіраўнік візавага цэнтра апынецца невінаватым, сілавікам давядзецца вяртаць яму канфіскаваныя $269150. А грошы гэтыя зараз знаходзяцца ў Румыніі, у невядомага міліцыянта, які скраў іх і знік.