Зяленскі: украінцы не аддадуць сваю зямлю акупантам

Уладзімір Зяленскі

Уладзімір Зяленскі / LRT

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не пойдзе на тэрытарыяльныя саступкі Расіі. Ён заявіў пра гэта напярэдадні сустрэчы Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна, якая адбудзецца на Алясцы 15 жніўня і будзе прысвечаная будучыні вайны.

У суботу Зяленскі напісаў у Telegram, што ўкраінцы не аддадуць сваю зямлю акупантам і паўтарыў, што Украіна павінна ўдзельнічаць у прыняцці любога рашэння па дасягненні міру.

"Адказ на ўкраінскае тэрытарыяльнае пытанне ўжо ёсць у Канстытуцыі Украіны. Адступаць ад гэтага ніхто не будзе і не зможа. Украінцы не аддадуць сваю зямлю акупантам", — напісаў прэзідэнт Украіны.

Раней Трамп даў зразумець, што Украіне, магчыма, прыйдзецца саступіць тэрыторыю, каб пакласці канец вайне.

Тэлевізійны канал CBS News са спасылкай на высокапастаўленага чыноўніка Белага дома паведаміў, што яшчэ захоўваецца верагоднасць удзелу Зяленскага ў сустрэчы Пуціна і Трампа, бо сустрэча пакуль знаходзіцца на этапе планавання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.