Зяленскі: пры адміністрацыі Трампа вайна завершыцца хутчэй
Уладзімір Зяленскі / facebook.com/zelenskyy.official/
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі мяркуе, што ў яго склалася "канструктыўнае ўзаемадзеянне" з будучым прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, піша ўкраінскае выданне Суспільне.
Прэзідэнт Украіны лічыць, што пры новай адміністрацыі Белага дома вайна можа завяршыцца хутчэй.
"Вайна скончыцца, але дакладнай даты няма. Безумоўна, з палітыкай гэтай каманды, якая цяпер узначаліць Белы дом, вайна скончыцца хутчэй. Гэта іх падыход, іх абяцанне свайму грамадству, і для іх гэта таксама вельмі важна", — сказаў Зяленскі.
Кіеў змог аргументаваць сваю пазіцыю, якая тычыцца бачання умоў міру.
"Базіс, на якім мы стаім, ён [Трамп] пачуў. Супраць нашай пазіцыі я нічога не чуў", — сказаў Зяленскі.
Украінскія журналісты задалі пытанне, ці выстаўляліся для Украіны патрабаванні ўдзелу ў перамовах з Расіяй.
"Мы — незалежная краіна. І мы падчас гэтай вайны — і наш народ, і я асабіста ў перамовах з ЗША, і з Трампам, і з Байдэнам, і з еўрапейскімі лідарамі — даказалі, што з намі рыторыка "Сядай і слухай" не працуе", — сказаў украінскі лідар.
Зяленскі падкрэсліў, што для яго краіны важны справядлівы мір. Грамадзяне краіны не мусяць мець адчування, што "мы страцілі лепшых праз несправядлівасць, якую вам навязалі".