Зяленскі на перадавой і контрнаступленне ў Севераданецку — 103-я раніца вайны

Уладзімір Зяленскі наведаў перадавыя пазіцыі ўкраінскіх войскаў на ўсходзе краіны​ / @V_Zelenskiy_official
Уладзімір Зяленскі наведаў перадавыя пазіцыі ўкраінскіх войскаў на ўсходзе краіны​ / @V_Zelenskiy_official

Расейцы працягваюць штурмаваць Севераданецк, піша раніцай у панядзелак кіраўнік Луганскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Там ідуць вулічныя баі.

Па яго словах, шмат разбурэнняў і ў Горскай грамадзе. У Лісічанску ў выніку абстрэлу загарэлася "пякарня, якая да апошняга выпякала хлеб для мясцовых жыхароў". Акрамя пякарні тут пацярпелі яшчэ некалькі будынкаў дзяржустаноў і два шматпавярховіка.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны піша, што ў Севераданецку ўкраінскія вайскоўцы правялі паспяховую контратаку і "адкінулі расійскія войскі на ўсходнюю ўскраіну горада і з паўднёвых населеных пунктаў". Паводле ацэнкі экспертаў Інстытута, УСУ 5 чэрвеня "працягвалі праводзіць абмежаваныя і лакалізаваныя, але паспяховыя контратакі супраць расійскіх пазіцый па ўсёй Украіне". Яны згадваюць яшчэ аб контратацы на поўнач ад Харкава.

Па дадзеных украінскага Генштаба, расіяне ў Харкаўскай вобласці зараз будуюць ўмацавання і "вядуць актыўную абарону", сковывая ўкраінскія падраздзяленні. Асноўныя намаганні расійскіх войскаў, акрамя Севераданецка, сканцэнтраваныя таксама ў напрамку Славянска і Бахмута (гэта Данецкая вобласць). Пры гэтым у амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны мяркуюць, што чакаць прыкметнага поспеху расіян пад Славянскам не варта "з-за іх пастаяннага прыярытэту Севераданецка".

Зеленский на передовой и контрнаступление в Северодонецке — 103-е утро войны
Карта кантраляваных тэрыторый па стане на 5 чэрвеня 2022 года / understandingwar.org

У Генштабе УСУ таксама адзначаюць, што на беларуска-ўкраінскай мяжы стаяць расійскія войскі з АТРК "Іскандэр-М", зенітна-гарматнымі комплексамі "Панцыр-С1", зенітнымі ракетнымі сістэмамі С-400 і самалётамі аператыўна-тактычнай авіяцыі.

Між тым Святлана Ціханоўская распавяла ў інтэрв'ю італьянскаму выданню Corriere della Sera, што ва ўкраінскім войску ваююць да 1 500 беларускіх добраахвотнікаў, і іх колькасць, верагодна, будзе расці. Цяпер беларусы, якія хочуць дапамагчы Украіне, вучацца ў іншых краінах. Дзе менавіта і колькі добраахвотнікаў, Ціханоўская не ўдакладніла, толькі адзначыла, што не ўпаўнаважаная пра гэта казаць.

Ва Украіне загінуў 'расійскі генерал-маёр Раман Кутузаў, гэта пацвердзілі ў УСУ. Раней аб яго гібелі паведаміў карэспандэнт расійскага тэлеканала. Паводле яго слоў, генерал загінуў, "калі вёў у атаку" сваіх падначаленых. Як мяркуецца, гэта адбылося ў раёне пасёлка Мікалаеўка пад Папаснай у Луганскай вобласці. Украінскі журналіст Раман Цымбалюк піша, што 5 чэрвеня Кутузаў, у якога "гарэлі тэрміны" па захопе аднаго з населеных пунктаў, асабіста ўзначаліў наступ і быў ліквідаваны агнём артылерыі УС Украіны.

Тым часам у Курскай вобласці Расіі ў панядзелак раніцай зноў былі чутныя "хлапкі". Пра гэта паведаміў губернатар рэгіёну Раман Старавойтаў. Паводле яго слоў, быў абстраляны пасёлак Цёткіна.

"Параненых і загінулых няма. Асноўны ўдар наносіўся па мясцовым мосце, ёсць пашкоджанні. Моцна пацярпеў бліжэйшы двухпавярховы жылы дом на 8 кватэр і гаспадарчыя прыбудовы побач", — піша Старавойтаў.

Зеленский на передовой и контрнаступление в Северодонецке — 103-е утро войны
Наступствы "хлапкоў" у пасёлку Цёткіна Курскай вобласці РФ / @gubernator_46

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 5 чэрвеня наведаў перадавыя пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў у Запарожскай, Данецкай і Луганскай абласцях. Ён быў у тым ліку ў раёне Бахмута і Лісічанска, паведамляе "Громадське".

"Былі ў Лісічанску, былі ў Саледары. Ганаруся кожным і кожнай, каго сустрэў, каму ціснуў руку, з кім размаўляў, каго падтрымаў", — казаў пазней Зяленскі ў відэазвароце. І распавёў, што "сёе-тое прывезлі" украінскім вайскоўцам. Але падрабязнасці не раскрыў.

"Упэўненасць прывезлі. І трываласць. Я жадаю ім здароўя. Усім нам — перамогі", — сказаў Зяленскі.

Падчас сустрэч на перадавой ён заслухаў інфармацыю аб аператыўнай абстаноўцы на гэтых участках фронту, пагутарыў з вайскоўцамі і ўручыў ім дзяржаўныя ўзнагароды.

Украінскі тэлеканал "Суспільне" распавядае пра выпускны, які прайшоў у знішчанай 134-й школе Харкава. Школу яшчэ 27 лютага захапілі расійскія спецназаўцы, пазней іх выбілі з будынка, але ён сур'ёзна пацярпеў.

На днях 10 выпускнікоў прыйшлі сюды, каб развітацца са школай — нават станчылі вальс.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.