Зваршчык МАЗа атрымаў 3 гады "хіміі" за абразу Караева ў каментары на YouTube

Зваршчык МАЗа 31-гадовы Юрый Карніловіч атрымаў 3 гады "хіміі" за абразу экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева ў каментары на YouTube-канале "ОГП-ТВ". Крымінальную справу разглядаў суд Заводскага раёна Мінска. Каментар з'явіўся яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў — 2 ліпеня. У судовым працэсе яго даслоўна не агучылі з-за таго, што ён ўтрымліваў ненарматыўную лексіку. Як паведамляе spring96.org, сэнс каментара зводзіўся да наступнага: "Караеў спалохаецца хутчэй, чым скажа прэзідэнту, што будзе выконваць Канстытуцыю". Мінчука прызналі вінаватым у публічнай абразе міністра і на тры гады абмежавалі волю з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.
Караеў быў звольнены з пасады міністра ўнутраных спраў у канцы кастрычніка, стаў памочнікам кіраўніка дзяржавы па Гродзенскай вобласці. Яго, дарэчы, не дапытвалі па справе зваршчыка. Караеў папрасіў суд разгледзець справу ў яго адсутнасць.
Карніловіч заявіў, што не лічыць свой камента абразлівым. Тады ён адрэагаваў на інфармацыю, што міністр адмаўляецца сустрэцца з народам. "Тым больш, што я быў зарэгістраваны пад сваім імем – мне не было чаго хаваць", — казаў зваршчык. Але суддзя Анжэла Касцюкевіч яго ўсё роўна пакарала "хіміяй".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.