ЗША выслалі 35 расійскіх дыпламатаў

Злучаныя Штаты высылаюць 35 расійскіх дыпламатаў з Вашынгтона і Сан-Францыска, а таксама ўводзяць новыя санкцыі супраць Расіі.
Вашынгтон закрывае дзве расійскія дыпламатычныя місіі — у Мэрылэндзе і Нью-Ёрку. На думку амерыканскіх уладаў, гэтыя дыппрадстаўніцтвы выкарыстоўваліся для разведвальных мэтаў.
Па словах прэзідэнта Барака Абамы, санкцыі ўводзяцца ў сувязі з кібератакай падчас перадвыбарчай кампаніі ў ЗША. Гэтую атаку, як паведамлялі амерыканскія спецслужбы, зладзілі расійскія хакеры.
Каб прадэманстраваць маштабы кіберагрэсіі Расіі, Штаты таксама апублікавалі дэталёвы даклад аб расійскай хакерскай інфраструктуры. Гэты даклад, лічаць у Вашынгтоне, можа дапамагчы камп'ютарным спецыялістам змагацца з хакерствам.
Прэзідэнт Абама таксама падкрэсліў, што ЗША прымуць далейшыя меры, перадае Бі-Бі-Сі. Расія, як вядома, адмаўляе ўсялякую датычнасць да кібератак на палітычныя партыі ў ЗША.
Прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў ужо заявіў, што Масква дасць адэкватны адказ на амерыканскія санкцыі. Дарэчы, калі Расія будзе ўжываць звычайную дыпламатычную практыку, то яна неўзабаве вышле прыкладна такую ж колькасць амерыканскіх дыпламатаў.
Новыя амерыканскія санкцыі закранаюць шэсць асобаў і пяць ведамстваў, сярод якіх ёсць ФСБ Расіі.
Сярод людзей, якія трапілі пад санкцыі, значыцца камандаванне ГРУ: начальнік ГРУ Ігар Корабаў, а таксама яго першыя намеснікі Уладзімір Аляксееў і Сяргей Гізуноў. Таксама Мінфін ЗША называе Ігара Касцюкова як аднаго з першых намеснікаў кіраўніка ГРУ.