ЗША паведамілі Еўропе, што перамовы з Пуціным зайшлі ў тупік

Война в Украине

Белы дом падрыхтаваў шчодры пакет прапаноў, але Пуціну патрэбна ўсё / Reuters

Амерыканскія перамоўшчыкі падрыхтавалі для Крамля шчодры пакет прапаноў, у тым ліку скасаванне санкцый, сумесныя бізнес-праекты і прызнанне Крыма, але Уладзімір Пуцін працягвае настойваць на максімалісцкіх патрабаваннях, уключаючы “дэнацыфікацыю” Украіны. Пра гэта паведамляе Financial Times са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з брыфінгам, які амерыканцы правялі для еўрапейскіх і ўкраінскіх калег па выніках кантактаў з Расіяй.

Пуцін таксама адмовіўся пагадзіцца на тое, каб Украіна захавала дзеяздольнае войска.

Чыноўнікі адміністрацыі Дональда Трампа, якія за апошнія тры месяцы не менш за пяць разоў сустракаліся з расійскімі дыпламатамі, вярнуліся з гэтых перамоваў з пустымі рукамі — і гэта пачынае іх турбаваць.

Негатоўнасць Пуціна да саступак прымушае ЗША перагледзець свой падыход, падкрэсліваюць крыніцы FT. Паводле іх, Трамп імкнецца як мага хутчэй выйсці з мірнага працэсу і заключыць любое пагадненне, нават калі яно будзе сціплым у параўнанні з яго першапачатковымі чаканнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.