Жыхара Гарадка асудзілі на паўтара года за каментар у Telegram-чаце

33-гадовага Мікалая Чарняўскага суд Гарадоцкага раёна 15 снежня асудзіў на паўтара года калоніі агульнага рэжыму. Як піша праваабарончы сайт "Віцебская Вясна", мужчыну прызналі вінаватым абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў (арт. 365 КК). Вырак агучыў суддзя Аляксандр Ляшковіч.
Дзяржагенцтва БЕЛТА паведамляла са словаў следства, быццам 22 жніўня Чарняўскі пакінуў у адным з Тэлеграм-каналаў каментар, у якім абразіў міліцыянта і пагражаў апублікаваць ягоныя асабістыя даныя.
Маці асуджанага Людміла распавяла праваабаронцам, што яе сын ніякіх пагрозаў не выказваў, а выкарыстаў у інтэрнэце фразу "ур...д в погонах". Прычым ужытая яна была ў размове ў чаце.
"На судзе Мікалай шчыра прасіў прабачэння за гэтыя словы. А той пацярпелы супрацоўнік кажа: "Як чалавек я табе прабачаю, але як міліцыянт — не", — кажа Людміла.
Яшчэ да суда Чарняўскі заплаціў міліцыянту кампенсацыю за маральную шкоду — 500 рублёў.
У сваім апошнім слове Мікалай, па словах маці, цалкам прызнаў віну і раскаяўся. Ён прасіў, каб толькі не пазбаўлялі волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.