Журналісты раскрылі больш за 70 беларусаў, якія ваююць за Расію супраць Украіны

Вайна, ілюстрацыйнае фота / ria.ru
Больш за паўтары тысячы замежных наймітаў завербаваліся за год у Маскве на вайну Расіі супраць Украіны. Яны прадстаўляюць 48 розных краін свету — ад Азіі да Амерыкі. Іх імёны высветлілі журналісты праекта "Важные истории". Яны атрымалі доступ да звестак з маскоўскай медыцынскай базы (ЕМІАС) за перыяд з красавіка 2023-га да канца траўня 2024 года.
За гэты час Адзіны пункту адбору на кантракт у Маскве наведаў 71 грамадзянін Беларусі. Столькі ж было ахвотнікаў з Узбекістана. Сярод постсавецкіх краін першае месца трымае Таджыкістан — 86 чалавек. Дарэчы, кантракт у расійскім войску захацелі падпісаць і 25 украінцаў.
Агулам жа першае месца па кантрактніках займае Непал: з яго на пункт вярбоўкі прыйшлі як мінімум 603 чалавекі. Спярша непальцы прыходзілі па два-тры чалавекі, а потым іх стала па 30 чалавек за месяц. У кастрычніку праз пункт вярбоўкі і ўвогуле прайшло больш за 370 чалавек.
Калі глядзець па рэгіёнах, першае месца па колькасці добраахвотнікаў займаюць краіны Паўднёвай і Усходняй Азіі — 771 чалавек. Постсавецкія краіны трымаюць другое месца (523 чалавекі), а Афрыка займае трэцяе (72 найміты).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.