"Я не задаволены расійскімі ўдарамі па Кіеве. Уладзімір, спыніся!" — Трамп

Дональд Трамп / Getty Images
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абурыўся чарговым расійскім ударам па Украіне і заклікаў Пуціна да перамоваў.
Адпаведны допіс ён зрабіў 24 красавіка ў сваёй сацсетцы Truth Social, звяртаючыся да Уладзіміра Пуціна:
"Я не задаволены расійскімі ўдарамі па КІЕВЕ. Гэта непатрэбна і вельмі недарэчна па часе. Уладзімір, СПЫНІСЯ! 5000 салдатаў штотыдзень гінуць. Давайце ЗРОБІМ мірную дамову!"
Як паведамлялася раней, у ноч на 24 красавіка расійскія войскі нанеслі масіраваны ўдар па дзевяці рэгіёнах Украіны. Найбольш пацярпеў Кіеў. На цяперашні час дакладна вядома пра восем загінулых і 77 параненых чалавек. 25 красавіка абвясцілі днём жалобы.
Складана сказаць, што Трамп меў на ўвазе пад фразай пра "5000 салдатаў штотыдзень гінуць": пра такія страты не паведамляюць ні ўкраінскія, ні расійскія, ні амерыканскія крыніцы. Генштаб УСУ даволі працяглы час паведамляе, што расійскія войскі нясуць страты больш як тысячу чалавек за дзень, але ў гэты лік уваходзяць разам забітыя і цяжка параненыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.