Дзевяць загінулых і дзясяткі пацярпелых — Расія ўначы бамбіла Украіну

Наступствы начнога ўдару па Кіеве / ДСНС Украіны
У ноч на 24 красавіка Расія нанесла масаваны ўдар па Украіне. Асноўнымі цэлямі атак сталі Кіеў і Кіеўская вобласць, а таксама Жытомірская, Днепрапятроўская, Харкаўская, Палтаўская, Хмельніцкая, Сумская і Запарожская вобласці.
У выніку начнога абстрэлу Кіева, як перадае hromadske.ua, загінулі дзевяць чалавек, больш за 70 атрымалі раненні. У некалькіх раёнах горада пачаліся пажары, ёсць разбурэнні.
"Кіеў падвяргаецца камбінаванай атацы. У тым ліку ад удараў балістычных ракет з розных напрамкаў. Зафіксаваныя і новыя пускі ракет стратэгічнай авіяцыяй ворага", — заявіў кіраўнік вайсковай адміністрацыі Кіева Цімур Ткачэнка.
Крылатымі ракетамі быў атакаваны і Харкаў. Паводле мэра Ігара Церахава, па горадзе нанеслі сем ракетных удараў, былі параненыя два чалавекі.
Магутная атака адбылася пасля таго, як Уладзімір Зяленскі адмовіўся прызнаваць Крым расійскай тэрыторыяй, што прывяло да зрыву перамоваў у Лондане.




Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.