Жонка палітвязня абвясціла галадоўку ў магілёўскім ІЧУ

Вольга Анішчук / t.me/viasna96
Вольга Анішчук / t.me/viasna96

У магілёўскім ІЧУ абвясціла галадоўку Вольга Анішчук, жонка палітвязня Арцёма Анішчука, паведамляюць праваабаронцы "Вясны". Жанчына пратэстуе супраць здзекаў у ІЧУ.

Вольгу затрымалі 4 лістапада. Яе два разы арыштоўвалі за перасылкі з "экстрэмісцкіх" тэлеграм-каналаў, агулам ёй прысудзілі 24 дні.

28 лістапада яна мусіла выйсці на волю, але яе зноў затрымалі і асудзілі. Акрамя таго, жанчыну перавезлі з мінскага Акрэсціна ў Магілёў. Па звестках праваабаронцаў, за кратамі Вольга ўжо двойчы перахварэла на бранхіт, яна спіць на бетоннай падлозе. У ІЧУ Магілёва яе тры разы на дзень прымушаюць цалкам распранацца і прысядаць.

Яе муж Арцём Анішчук асуджаны паўторна. У 2021-м яго асудзілі на 2 гады зняволення за пашкоджаную машыну начальніка ДВП. Арцём мусіў выйсці на свабоду напрыканцы чэрвеня 2022-га, цалкам адбыўшы тэрмін. Аднак яго зноў асудзілі па новай крымінальнай справе — паводле арт. 369 КК за абразу міліцыянта ў закрытым тэлеграм-чаце яшчэ да затрымання. Арцёму прысудзілі яшчэ 1 год зняволення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.