Заўтра будзе моцны вецер і галалёдзіца
Галалёдзіца, фота ілюстрацыйнае
Заўтра ў Беларусі яшчэ будзе цёпла, але сіноптыкі папярэджваюць пра моцны вецер і галалёдзіцу. Якім будзе надвор’е ў найбліжэйшыя дні, расказалі ў Гідраметцэнтры.
У пятніцу, 12 снежня, будзе воблачна, дажджліва, месцамі пройдзе мокры снег. Тэмпература паветра ў працягу сутак будзе вагацца ад +3 да +9°С. Парывы ветру дасягнуць 15–18 м/с. Увечары кіроўцам варта быць асабліва асцярожнымі на дарогах: будзе слізка. На гэтым вясновыя тэмпературы ў снежні (прынамсі, часова) скончацца.
У суботу, 13 снежня, з поўначы Еўропы прыйдуць арктычныя паветраныя масы. Днём месцамі пройдуць мокры снег і дождж. На асобных участках дарог галалёдзіца. Уначы слупкі тэрмометраў апусцяцца да -2…-9°С. Удзень не нашмат цяплей — 0…-7°С. Толькі на захадзе і поўдні Беларусі да +6°С.
У нядзелю, 14 снежня, на нашае надвор'е будуць уплываць кантрастныя франтальныя раздзелы з Балтыйскага мора. Будзе воблачна, дажджліва, месцамі пройдзе снег. Ночы марозныя: -2…-8°С (на захадзе крыху цяплей). Удзень слупкі тэрмометраў пакажуць -5°С жыхарам паўночна-ўсходняй Беларусі і да +6°С у паўднёва-заходніх рэгіёнах.