Запісу на чаргу да артадонта ў клініках Гродна няма ўжо на 2026 год

Стаматалогія, ілюстрацыйнае фота

Стаматалогія, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Гродзенцы скардзяцца на вялікія чэргі да мясцовых артадонтаў. Запісацца на прыём да прыватных дактароў немагчыма на два гады наперад.

Гродзенка Вікторыя ў сацсетках напісала, даступных запісаў да прыватных артадонтаў няма нават на 2026 год, заўважыла Hrodna.life. У каментарах да яе допісу карыстальніца Кацярына дадала, што запіс у прыватную гродзенскую клініку "Артадэнт" вядуць толькі ў першы тыдзень студзеня, набіраюць пэўную колькасць людзей на ўвесь год — і спыняюць запіс.

У лістападзе 2024-га, рэагуючы на скаргі гродзенцаў у сацсетках, улады ўвялі адзіную электронную чаргу замест талонаў у дзяржаўных клініках. Планавалася, што пацыентаў будуць уносіць у ліст чакання, а па меры пасоўвання чаргі запрашаць на прыём. Такую сістэму запісу ўкаранілі для дзіцячых лекараў-артадонтаў. Запісацца да спецыяліста можна ў рэгістратуры, калі ёсць накіраваннея ад лекара-стаматолага.

А вось запісацца да артадонта праз дзяржаўны сайт talon.by не атрымаецца — новая сістэма гэтага не прадугледжвае.

Акрамя дзяржаўнай медыцыны ў Гродне дзейнічаюць два філіялы прыватнай клінікі "Ладэ". Праўда, запісацца да артадонта журналісты не змаглі: сайт завісаў і не паказваў свабодных слотаў. Пры спробе запісацца да лекараў іншага профілю такой праблемы не ўзнікала.

Агулам у прыватных клініках Гродна працуюць чатыры лекары-артадонты. Акрамя "Ладэ" яны ёсць таксама ў клініках "Артадэнт" і "Леўкамед".

Як адзначае Hrodna.life, сітуацыя з артадонтамі апошнія два гады пагаршаецца ва ўсіх гарадах Беларусі, акрамя Мінска. Асноўнай прычынай стала эміграцыя дактароў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.