У Беларусі з'явіліся "рыцары-экстрэмісты"
Рыцарскі клуб "Барысфен" / фота з сацсетак
Чарговым "экстрэмісцкім фармаваннем" у Беларусі прызналі рыцарскі клуб "Барысфен". Адпаведнае рашэнне прыняло МУС 17 снежня, заўважылі праваабаронцы "Вясны".
Паводле звестак міліцэйскага ведамства, да праекту маюць дачыненне Павел Станкевіч, Павел Лішанкоў, Дзмітрый Далячка.
У лістападзе "экстрэмісцкімі матэрыяламі" былі прызнаныя сацыяльныя сеткі рэканструктарскага клуба і асабістыя старонкі кіраўніка "Барысфена" Паўла Станкевіча. Пасля гэтага Станкевічу прысудзілі 30 сутак арышту.
На мінулым тыдні ён выйшаў на волю, але праз пару дзён зноў быў затрыманы. Яму прысудзілі адміністрацыйны арышт, які Станкевіч цяпер адбывае ў ІЧУ.
Рыцарскі клуб "Барысфен" узнік пры канцы 1990-х гадоў. Ён уваходзіць у структуру Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і адпачынку. Касцюмаваныя выступы ўдзельнікаў клуба дзесяцігоддзямі ўпрыгожвалі галоўныя гарадскія вулічныя святы і акцыі, шматлікія мерапрыемствы ў Магілёве і вобласці.