Зась: АДКБ гатовая пры неабходнасці дапамагчы афіцыйнаму Мінску

Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы не ўмешваецца ў сітуацыю ў Беларусі, але гатовая ў выпадку неабходнасці аказаць дапамогу.
З такой заявай выступіў генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась, перадае БЕЛТА. 2 лютага ён прыняў удзел у анлайн-брыфінгу, прысвечаным ваенна-палітычнаму становішчу ў зоне адказнасці арганізацыі і вакол яе, выніках дзейнасці АДКБ у 2020 годзе і задачах на 2021 год.
У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан. асноўную ролю адыгрывае, натуральна, Расія.
Дарэчы, задача АДКБ — абарона яго ўдзельнікаў ад знешніх агрэсаараў і міжнародных тэрарыстаў. Выкарыстанне войскаў для барацьбы з унутранымі палітычнымі пратэстамі не прадугледжваецца.
Раней Аляксандр Лукашэнка расказваў, што па яго просьбе Уладзімір Пуцін падрыхтаваў рэзерв, які планавалася адправіць у Беларусь падчас шматтысячных пратэстаў.
Станіслаў Зась з'яўляецца генсакратаром АДКБ з 1 студзеня 2020 года. Да таго ён быў дзяржсакратаром Савета бяспекі Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.