За забойства жонкі журналіста Чудзянцова асудзілі яе сяброўку
26 студзеня Мінскі гарадскі суд абвясціў прысуд па справе Віялеты Камай. Жанчыну прызналі вінаватай у тым, што яна забіла з асаблівай жорсткасцю сваю найлепшую сяброўку Вікторыю Чудзянцову — жонку вядомага беларускага блогера і журналіста Уладзіміра Чудзянцова.
Жанчыну асудзілі на 13 гадоў пазбаўлення волі, пішуць "Беларускія навіны". Разам з ёй асудзілі двух яе прыяцеляў, якія дапамагалі хаваць сляды злачынства. Аднаго асудзілі на год пазбаўлення волі і ўзялі пад варту ў зале суда, другога, раней неаднаразова судзімага, — да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і аштрафавалі на 1400 рублёў. Ён застаўся пад падпіскай аб нявыездзе.
Забойства адбылося ў ноч з 6 на 7 чэрвеня 2016 года.
У каментары агенцтву БелаПАН Уладзімір Чудзянцоў распавёў, што ў шлюбе з Вікторыяй яны былі з 2005 года. Праз некалькі гадоў яны разышліся, бо жонка стала алкагалічкай, але не разводзіліся. Па словах Чудзянцова, яе двойчы кадавалі, адпраўлялі ў ЛПП, калі не было іншага выйсця. Ён дадаў, што за некалькі гадоў жанчына "прапіла" дзве кватэры. Пасля продажу Вікторыя пазычыла сваёй лепшай сяброўцы Віялеце 15 тысяч долараў: ёй грошы былі неабходныя, каб кампенсаваць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне дзіцяці паводле дэкрэта №18.
Пасля забойства жонкі да Чудзянцова прыйшлі супрацоўнікі міліцыі: яго падазравалі ў злачынстве і нават правяралі на паліграфе.
Але праваахоўнікі хутка раскрылі злачынства і затрымалі найлепшую сяброўку загінулай. Выявілася, што жанчыны некалькі дзён пілі ў гасцях у знаёмага на вуліцы Адоеўскага. Паміж імі пачалася сварка, падчас якой Камай 14 разоў ударыла Чудзянцову нажом. Гаспадар кватэры, як паведамляецца, падчас забойства быў у прыбіральні.
Пасля забойства Камай з гаспадаром кватэры і яшчэ адным знаёмым вынеслі труп, загорнуты ў плед, і пакінулі яго ў кустах каля суседняга дома. Сам Чудзянцоў жыве недалёка. Ён мяркуе, што труп хацелі пакінуць пад яго гаўбцом, але пераблыталі дом.