За Украіну ваяваў стрыечны брат віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса

Нэйт Вэнс / lefigaro.fr
За Украіну ваяваў стрыечны брат віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса 47-гадовы Нэйт Вэнс (маці Джэй Дзі — сястра бацькі Нэйта). Ён раней служыў у амерыканскай марской пяхоце, пасля працаваў у нафтавай кампаніі. У пачатку вясны 2022-га вырашыў паехаць на фронт ва Украіну. Быў добраахвотнікам у складзе ўкраінскага 1-га механізаванага батальёна "Ваўкі Да Вінчы" (рота "Гонар"), удзельнічаў у баях супраць расійскіх акупантаў за Купянск, Бахмут, Аўдзееўку, Пакроўск. Звольніўся Вэнс у пачатку 2025 года, незадоўга да таго, як яго стрыечны брат прыняў прысягу ў якасці віцэ-прэзідэнта Злучаных Штатаў, піша lefigaro.fr.
Ветэран засмучаны тым, што Джэй Дзі Вэнс не праявіў цікавасці да яго баявога досведу і выступае супраць дапамогі Кіеву. Яго раззлавала размова прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта ЗША з Уладзімірам Зяленскім у Белым доме.
"Я думаў, гэта проста палітычная стратэгія. Але тое, што яны зрабілі з Зяленскім, было падступнай пасткай, — кажа Нэйт Вэнс. — Тое, што мы сваякі, не азначае, што я прыму тваё дачыненне да забойства маіх пабрацімаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.