Зяленскі гатовы працаваць "пад моцным кіраўніцтвам прэзідэнта Трампа"

Уладзімір Зяленскі / t.me/V_Zelenskiy_official/
Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што "Украіна гатовая як мага хутчэй сесці за стол перамоваў, каб наблізіць надзейны мір", і назваў першыя этапы працэсу. Гэта — вызваленне палонных, неадкладнае перамір'е з Расіяй у небе (забарона ракет, дальнабойных дронаў — бамбаванняў энергетычнай і іншай грамадзянскай інфраструктуры), неадкладнае перамір'е на моры. Кіеў хоча "вельмі хутка прайсці ўсе наступныя этапы і разам з ЗША дамовіцца аб моцнай канчатковай угодзе".
Зяленскі падкрэсліў, што "Украіна прагне міру". "Ніхто не хоча міру больш, чым украінцы, — піша ён у Х. — Мая каманда і я гатовы працаваць пад моцным кіраўніцтвам прэзідэнта Трампа, каб дасягнуць трывалага міру".
Украінскі прэзідэнт падкрэсліў, што Украіна цэніць тое, "як шмат Амерыка зрабіла, каб дапамагчы Украіне зберагчы суверэнітэт і незалежнасць". Ён згадаў "пераломны момант", калі Трамп перадаў украінцам "джавеліны" (амерыканскі прэзідэнт часта згадвае гэтае сваё рашэнне). "Мы ўдзячны за гэта", — піша Зяленскі.
Далей прэзідэнт Украіны згадвае скандальную сустрэчу ў Белым доме ў Вашынгтоне.
"Наша сустрэча ў Вашынгтоне, у Белым доме, у пятніцу прайшла не так, як прадбачылася, — працягвае Уладзімір Зяленскі. — Крыўдна, што так здарылася. Прыйшоў час зрабіць усё правільна. Мы хацелі б, каб у далейшым супрацоўніцтва і зносіны былі канструктыўнымі".
Дамову аб выкапнях Украіна гатовая падпісаць "у любы час і ў любым зручным фармаце".
Заява Зяленскага з'явілася пасля таго, як прэзідэнт ЗША прыпыніў ваенную дапамогу Украіне. А віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс заявіў, што ўкраінскі прэзідэнт “прадэманстраваў відавочнае нежаданне ўдзельнічаць у мірным працэсе”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.