Дональд Трамп прыпыніў ваенную дапамогу Украіне

Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп

Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп / Reuters

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыпыніў вайсковую дапамогу Украіне, паведамляюць амерыканскія СМІ. Гаворка ідзе менавіта аб прыпыненні, а не поўным спыненні.

Тэлеканалу CNN гэтыя звесткі пацвердзіў ананімны прадстаўнік Белага дома. Паводле яго, гэта крок да дасягнення міру.

"Прэзідэнт ясна даў зразумець, што ён засяроджаны на міры. Нам трэба, каб нашы партнёры таксама былі адданыя гэтай мэты. Мы прыпыняем і пераглядаем нашу дапамогу, каб пераканацца, што яна спрыяе вырашэнню",перадае CNN яго словы.

У каментары інфармагенцтву Bloomberg ананімны прадстаўнік Пентагона сказаў, што дапамога прыпыненая да таго часу, пакуль Трамп не пабачыць імкнення ўкраінскага прэзідэнта да міру.

Прыпыняюцца пастаўкі ўсіх відаў узбраення, боепрыпасаў і абсталявання, якія не знаходзяцца на тэрыторыі Украіны. У тым ліку прыпыняюцца пастаўкі ўзбраення для Украіны, якое ўжо знаходзіцца ў Польшчы. Аб'ём прыпыненай дапамогі невядомы. Аднак у Bloomberg сцвярджаюць, што на момант уступлення Трампа на пасаду прэзідэнта ва Украіну яшчэ не дашлі пастаўкі на 3,85 млрд долараў, якія санкцыянаваў папярэдні прэзідэнт Байдэн.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.