За дрон у цэнтры Варшавы затрыманыя 21-гадовы ўкраінец і 17-гадовая беларуска

Дрон, ілюстрацыйнае фота

Дрон, ілюстрацыйнае фота / nitprocomposites.com

За дрон у цэнтры Варшавы затрыманыя 21-гадовы ўкраінец і 17-гадовая беларуска. Паліцыя ўдакладніла інфармацыю, якую ўчора агучваў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, перадае TVP.

Напярэдадні стала вядома, што над урадавымі будынкамі і рэзідэнцыяй прэзідэнта ў Варшаве быў заўважаны дрон. За яго запуск, паводле Туска, затрымалі двух беларусаў. Потым у СМІ з'явілася інфармацыя, што ім "каля 20 гадоў". Затрыманых адразу дапыталі, пра іх матывы паліцыя пакуль не паведамляе.

Таксама ў СМІ паведамлялася, што затрыманыя запускалі назіральны дрон. Польскія спецслужбы яго не збілі, але нейтралізавалі.

Адказваючы на пытанні журналістаў, намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Душчык заявіў, што пакуль нельга выключаць ніякую гіпотэзу: гэта магло быць выпадковасцю, затрыманыя маглі захацець проста запусціць дрон, але таксама яны маглі запісваць рэакцыю супрацоўнікаў спецслужбаў. Высвятленнем матываў, паводле Душчыка, зоймуцца адпаведныя службы і пракуратура.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.