З расійскіх крамаў сталі прыбіраць замежнае мыла і мыйныя сродкі
Расспажыўнагляд мае прэтэнзіі да прадукцыі такіх вядомых марак, як Henkel, Procter & Gamble і Colgate-Palmolive.
Расійскія гандлёвыя сеткі па распараджэнні Расспажыўнагляду пачалі прыбіраць з паліц чысцячыя і мыйныя сродкі замежных кампаній, піша газета "Коммерсант". Прэтэнзіі ў расійскага ведамства ўзніклі да прадукцыі такіх марак, як Henkel, Procter & Gamble і Colgate-Palmolive. Расспажыўнагляд заяўляе, што частка іх прадукцыі не адпавядае расійскім нормам.
У прыватнасці, праверкі выявілі прэтэнзіі да пральнага парашку Persil Expert Sensitive і кандыцыянера для бялізны "Vernel, вясновая свежасць" ад фірмы Henkel. У пералік таксама трапілі сродак для мыцця посуду Fairy Platinum (пастаўляецца Procter & Gamble з Чэхіі), вадкае мыла "Palmolive Naturel, інтэнсіўнае ўвільгатненне аліва і ўвільгатняючае малачко" (Colgate-Palmolive, Турцыя) ды іншая прадукцыя.
Дарэчы, на расійскім рынку пральных парашкоў і чысцячых сродкаў замежныя кампаніі займаюць прыкладна 75%. Эксперты не выключаюць, што захады Расспажыўнагляду могуць быць чарговым крокам у "вайне санкцыяў" паміж Захадам і Расіяй.
Фота: КоммерсантЪ