З пачатку вайны свае дамы ва Украіне пакінулі 14 мільёнаў чалавек — ААН

Наступствы баявых дзеянняў ва Украіне / @luhanskaVTSA
Наступствы баявых дзеянняў ва Украіне / @luhanskaVTSA

За тры месяцы вайны амаль 14 мільёнаў украінцаў былі вымушаныя пакінуць свае дамы, у асноўным гэта жанчыны і дзеці, адзначыў Амін Авад, памочнік Генеральнага сакратара і каардынатара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па крызісных сітуацыях ва Украіне. Ён зрабіў адмысловую заяву з нагоды 100 дзён з пачатку расійскай агрэсіі.

"Такога маштабу і хуткасці перамяшчэння не было ў гісторыі", — падкрэсліў Авад.

З-за вайны больш за 3 мільёны дзяцей прыпынілі сваю адукацыю. Сотні тысяч людзей не маюць доступу да вады і электрычнасці, а мільёны не ведаюць, дзе іх чакае наступная ежа. У цяперашні час 15,7 мільёна чалавек маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе, і іх колькасць расце. Вайна пры гэтым не слабее, асабліва на ўсходзе краіны, адзначыў прадстаўнік ААН.

У Севераданецку працягваюцца вулічныя баі, паведамляе раніцай у суботу "Громадське". Са слоў кіраўніка вайсковай адміністрацыі Луганскай вобласці Сяргея Гайдая, расіяне "кідаюць на Севераданецк усе рэзервы — цяпер гэта іх галоўная мэта". Ён кажа, што гуманітарная сітуацыя ў рэгіёне цяжкая: ежу і лекі ў Севераданецк даставіць ужо немагчыма, у Лісічанск і Горную Грамаду пакуль падвозяць.

"Громадське" таксама паведамляе аб абстрэлах ў Данецкай вобласці. Расійскія войскі выкарыстоўваюць тут танкі, артылерыю, мінамёты, ТРК "Кропка-У". За суткі вядома пра трох параненых тут грамадзянскіх. Ракетны ўдар быў нанесены раніцай і па адным з аб'ектаў у Адэскай вобласці — ударылі па сельгаспрадпрыемстве. Папярэдне, два чалавекі пацярпелі. Раніцай са ствольнай цяжкай артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню абстралялі Нікалаеў, тут абышлося без пацярпелых.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.