З Беларусі дэпартавалі дырэктара мінскага ФК “Тарпеда” (фота)

Дырэктара мінскага футбольнага клуба “Тарпеда” Андрэя Салангіна выслалі з Беларусі. Як паведамляе афіцыйны сайт каманды, менеджэр, які мае расійскае грамадзянства, вымушаны быў пакінуць краіну 2 снежня. У пятніцу яго выклікалі ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі Першамайскага РУУС Мінска і выдалі пастанову аб дэпартацыі на 5 гадоў.
Салангін не атрымаў тлумачэнняў такога рашэння. Вядома, што падчас матчу з ФК “Зорка-БДУ”, які адбыўся 5 лістапада, супрацоўнікі міліцыі на стадыёне РЦАР-БДУ затрымалі дырэктара “Тарпеда” з-за просьбы патлумачыць прычыну забароны клубнай атрыбутыкі на стадыёне. На Андрэя Салангіна склалі адміністратыўны пратакол за невыкананне законных патрабаванняў праваахоўнікаў.
Кіраўніцтва клуба “Тарпеда” будзе абскарджваць рашэнне аб дэпартацыі свайго дырэктара ў вышэйшых інстанцыях.
Клуб выступае ў першай лізе і займае 9-е месца ў чэмпіянаце краіны.