У Літве робяць больш жорсткім прыём замежнікаў на працу
Праца ў Літве, ілюстрацыйнае фота / DELFI
У Літве з 1 ліпеня ўводзіцца больш жорсткі парадак прыёму замежнікаў на працу. Для працы цяпер неабходна мець часовы від на жыхарства, выдадзены ў краіне, піша Delfi.
Замежнікі, якія раней прыязджалі ў Літву па бязвізавым рэжыме або па нацыянальных, шэнгенскіх візах або відах на жыхарства, выдадзеных іншымі краінамі, цяпер у краіне працаваць не змогуць.
Пад новыя забароны не трапяць замежнікі, якія прыязджаюць у Літву ў камандзіроўку або ў якасці супрацоўнікаў кампаніі, заснаванай у дзяржаве — члене Еўрасаюза ці Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю.
Таксама літоўскі від на жыхарства не спатрэбіцца чальцам экіпажаў судоў, якія плаваюць па міжнародных маршрутах пад сцягам Літвы; замежнікам, якія перабываюць у краіне не больш за тры месяцы ў год для вырашэння пытанняў, звязаных з заключэннем і выкананнем дагавораў, навучаннем персаналу або устаноўкай абсталявання; прадпрымальнікам, якія з'яўляюцца акцыянерамі і кіраўнікамі кампаній; высокапрафесійным спартоўцам; выканаўцам; журналістам, акрэдытаваным праз МЗС; асобам, якія афіцыйна займаюцца рэлігійнай дзейнасцю; замежнікам, якія удзеьлнічаюць у валанцёрскіх праграмах урадаў або ЕС; выкладчыкам і даследчыкам; грамадзянам эканамічна развітых краін, якія прыязджаюць на працу або для іншай легальнай дзейнасці.
Замежнікі, якія пачалі працаваць у Літве да таго, як папраўкі ў закон набылі моц, змогуць працаваць да заканчэння тэрміну легальнага знаходжання або да таго часу, калі яны набудуць права працаваць на іншых легальных падставах.