Юрый Караеў: нас спрабуюць затроліць нейкімі сінякамі

Міністр унутраных спраў Юрый Караеў заявіў, што беларуская міліцыя самая гуманная ў свеце. Адпаведная заява прагучала ўвечары 6 верасня на тэлеканале СТБ.
Караеў паведаміў пра пацярпелых супрацоўнікаў унутраных спраў: "Што датычыць маіх вайскоўцаў і супрацоўнікаў. Я хачу сказаць, што 30 з іх па-ранейшаму з цяжкімі калецтвамі знаходзяцца ў шпіталі і ў бальніцах. Мы іх не кінем, мы іх будзем лячыць. І маральная, матэрыяльная і фінансавая дапамога будзе аказана максімальна".
Пры гэтым міністр згадаў і пра факты збіцця пратэстоўцаў, але — у вельмі дзіўным кантэксце: "Я хачу зноў успомніць, што нас тут спрабуюць затролліць нейкімі сінякамі. Я скажу так, што з дзевятага на дзесятага — восем наездаў, спецыяльна учыненых! У некаторых трайныя пераломы. Дзякуй богу, што ўсе жывыя. Гэта можна параўнаць з сінякамі?"
Нагадаем, што паводле звестак ААН, не менш за 450 беларускіх пратэстоўцаў зазналі катаванні ў міліцыі. Гэтыя выпадкі задакументаваныя.
Пры гэтым Караеў заяўляе пра асаблівы гуманізм сваіх падначаленых: "Кажуць пра жорсткасць беларускай міліцыі. А я хачу сказаць так: больш гуманнай, вытрыманай і стрыманай міліцыі няма нідзе ў свеце, я ў гэтым упэўнены".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.