Як хейтары Ціханоўскай сабраліся ў Варшаве, але іх абразуміў украінец. Рэпартаж

Сярэднія пальцы Франаку Вячорку і мора абвінавачванняў. Еўрарадыё наведала круглы стол "Сход неабыякавых" / Euroradio
У памяшканні Біблейскай царквы ў Варшаве 21 чэрвеня сабраліся беларусы, у якіх назбіраліся прэтэнзіі да Ціханоўскай. А заадно і да незалежных СМІ ў эміграцыі. Назвалі яны гэты круглы стол "Сходам неабыякавых".
Еўрарадыё пабывала на гэтай сустрэчы і распавядае, пра што казалі людзі, на што скардзіліся, што прапаноўвалі змяніць і як у канцы ўкраінскі палітык Юрый Буздуган прапанаваў беларусам у эміграцыі пазітыўную позву і намаляваў цудоўную будучыню.
Скандальны пачатак
Са старту мерапрыемства стала зразумела, што яго ўдзельнікі настроены рашуча і нават ваяўніча. Арганізатары запрасілі Франака Вячорку — і ён прыйшоў, хоць і не пацвердзіў прысутнасць загадзя. Вырашылі, што ён стане спікерам на першай панэлі, прысвечанай палітвязням, і выступіць перадапошнім — перад Сяргеем Бульбай.
Дарадца Ціханоўскай ветліва прыйшоў за 40 хвілін да пачатку. Хадзіў па зале, размаўляў з людзьмі. Але хмары згушчаліся.
Круглы стол пачаўся з затрымкай. Вячорка сказаў, што спазняецца на самалёт (цяпер мы ведаем, што яму трэба было вяртацца ў Вільню, каб сустракаць Сяргея Ціханоўскага і іншых вызваленых палітвязняў), і тады арганізатары далі яму выступаць першым. Літаральна праз некалькі секунд гледачы сталі ўставаць са сваіх месцаў і ў знак пратэсту разгортвацца спіной да спікера. А некаторыя, так і стоячы спіной, паказвалі ў бок сцэны сярэднія пальцы.
@euroradio.lite Франак Вячорка прыйшоў на “Сход Неабыякавых” у Варшаве, дзе сабраліся ў асноўным прадстаўнікі дэмсілаў, апазіцыйныя да Святланы Ціханоўскай. Спярша ўдзельнікі сходу павярнуліся да яго спінамі і пачалі паказваць сярэднія пальцы. А літаральна праз хвіліну пачалі крычаць на яго. “Ідзі на будоўлю працаваць!” #вячорка #беларусь ♬ original sound - Еўрарадыё.Лайт
Выглядала гэта вельмі негасцінна. Зрэшты, Вячорка працягнуў гаварыць у цэлым разумныя рэчы пра аб'яднанне і дыялог, хоць упэўненасці ў яго голасе і паменшылася. Сяргей Бульба дэманстратыўна ўстаў і пайшоў у далёкі кут залы.
Калі колькасць спін перад вачыма Вячоркі дасягнула нейкай крытычнай лічбы, ён вырашыў прайсці ў цэнтр залы і ўсё ж гаварыць з людзьмі, гледзячы ім у вочы. Гэта выклікала новы выбух эмоцый. Пачаўся шум і гам, крыкі і абвінавачванні.
Арганізатары былі яўна разгубленыя і не ведалі, што рабіць. Прыйшоў ахоўнік, былы добраахвотнік, які заняў пазіцыю непадалёк, відавочна гатовы ўмяшацца. Франак стараўся перагаварыць людзей, якія крычалі на яго, але зразумеўшы, што гэта бессэнсоўна, аддаў мікрафон. А праз некалькі хвілін з'ехаў ад раз'юшаных беларусаў.
Спачатку было слова, уступнае слова
Выгнаўшы Франака Вячорку, гарачыя галовы трохі супакоіліся, і арганізатары адкрылі круглы стол. Выконваючы абавязкі старшыні "Народнай грамады" Яўген Вільскі паспрабаваў сфармуляваць мэты і задачы сходу і зрабіў спробу аналізу апошніх пяці гадоў.
Палітык асцярожна закінуў пробны шар, пазначыўшы мерапрыемства, як "першую спробу арганізавацца гарызантальна, не пад нейкую асобу, а пад ідэю вызвалення нашай краіны".

Вядома, не абышлося без намёкаў на тое, што каманда Ціханоўскай нічога не робіць, каб дапамагчы ў бедах палітычных эмігрантаў. Гучалі абвінавачванні на адрас Андрэя Стрыжака і Аляксея Лявончыка. Ціханоўская і Латушка скралі ўсю дапамогу заходніх партнёраў.
Часам складвалася адчуванне, што Ціханоўская павінна за чалавека вывучыць польскую мову, пайсці на Табарова і знайсці працу кожнаму.
У канцы секцыі слова ўзяў Сяргей Бульба, які вырашыў казаць не пра праблемы, а пра свае поспехі.
Без ілжывай сціпласці, ён распавёў прысутным, што дзякуючы ягонай ініцыятыве, у кааперацыі з іншымі актывістамі, "абсалютна незалежна ад усіх гэтых вячоркаў, лябедзькаў і ціханоўскіх", яны змаглі націснуць праз урад Польшчы на Кітай. Які ў сваю чаргу націснуў на Лукашэнку, і той пачаў выпускаць беларускіх палітычных зняволеных, "па 20, 30 чалавек".
Не выключана, што калі б навіна пра вызваленне Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 13 палітвязняў прыйшлася на момант выступу спікера, то ён бы і іх палічыў.
Бульба таксама пахваліўся, што ён і ягоныя паплечнікі дамагліся таго, што "44 Нобелеўскія лаўрэаты падпісалі зварот да ўрада Беларусі".

Закрануў удзельнік у сваім эмацыйным спічы і беды беларускіх добраахвотнікаў, і пытанні дэмакратыі. Верагодна, дэмакратыі ва Украіне ці ва Узброеных Сілах Украіны.
"Дэмакратыя, якая на дадзены момант тут, гэта ўсяго толькі вітрына, так, для выгляду. Для выгляду, як і Полк Каліноўскага, каб распавядаць пра тое, як нехта пойдзе вызваляць Беларусь, але як толькі камеры выключаюцца, усе ідуць зарабляць грошы".
Успомніў ён і пра інцыдэнт, які адбыўся 20 сакавіка ва Украіне, калі туды прыехалі прадстаўнікі Офіса Ціханоўскай і праводзілі канферэнцыю з беларусамі. Паводле версіі Урбановіча, добраахвотнікі на чале з ім "былі вымушаныя ўвайсці без запрашэння, і расказаць, як яно ёсць". Дасталася і незалежным СМІ.
"Таму спадар Лябедзька, які там спрабаваў журналістам данесці, што мы нейкія не такія, ну, я не ведаю — мы жывем у розных светах. Калі б вы ўбачылі горы трупаў, горы дзяцей, якія плачуць, жанчын, паглядзелі б, як знішчаюцца гарады — паверце, вы б на гэтых прыдуркаў глядзелі зусім інакш. Лябедзька, які ўсё жыццё ікру жаваў за мяжой <...>, а тут у яго раптам нешта забалела. І ён прыехаў і крычыць, што ён прадстаўляе беларусаў. Ці тая ж Ціханоўская — дзяжурыць ля прыбіральні спадара Зяленскага, каб з ім павітацца, а потым распавядаць. Я заўважыў, што незалежныя СМІ таксама спрабуюць неяк, ну скажам так, згладзіць тыя пытанні, якія тычацца вось менавіта гэтай хеўры, ці як яе там назваць".
У канцы свайго выступу Дзяніс Урбановіч прыгразіў разабрацца з карупцыяй у Палку Каліноўскага: “Я не хачу цяпер тут паглыбляцца ў карупцыйныя схемы. Гэта, скажам так, у нас на будучыню выдзелены асобны час, таму што там давядзецца не адзін дзень распавядаць, як адбывалася карупцыя ў Палку Каліноўскага, чаму ён разваліўся і чаму там цяпер такі бардак. Хто да гэтага давёў, хто колькі скраў і чаму так атрымалася. І чаму ніхто не панёс пакарання".
Размовы пра крэдыт даверу і пытанні лідэрства
Трэцяя секцыя круглага стала была прысвечана спробе асэнсавання лідэрства і даверу. Галоўнай зоркай выступу стаў блогер Сяргей Пятрухін, які абраў, мякка кажучы, дзіўную форму для гэтай сур'ёзнай тэмы.
Яго прамова месцамі нагадвала выступ стэндап-коміка, толькі жарты былі так сабе. Падтрымаўшы парыў Дзяніса Урбановіча, ён без асаблівага разварушвання перайшоў да вострых пытанняў у адрас дэмакратычных сіл у плоскасці даверу.

“І якое пытанне мяне вельмі хвалюе ў гэтай плоскасці? Вось хто такія НАУ? Хто такі АСК? Хто такая Каардынацыйная рада? [членам якой сам з'яўляецца Пятрухін, – Еўрарадыё]. Хто гэтыя людзі, якія заяўляюць, што прадстаўляюць беларусаў? Яны з'явіліся з ніадкуль. Яны што, хадзілі з людзьмі на барыкады? Не, іх там не было. Яны што, хадзілі са сцягамі? Не. Яны з'ехалі на захад і заклікалі беларусаў — шчырых беларусаў, якія хацелі адстаяць сваё права выбару, — ісці пад малаткі. Пад штрафы, пад турэмныя тэрміны. Вось. А цяпер яны лідары. Ну з чаго? З чаго яны лідэры?”
Успомніў ён і пра скандал са знікненнем спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай, і пра нейкія "наркотыкі". Адным з пасылаў яго прамовы стала пытанне зваротнай сувязі, якой, на яго думку, няма ў дэмакратычных сіл з простымі беларусамі.
Задаўся блогер Пятрухін і пытаннем, А што будзе, калі ўсе інстытуты дэмакратычнай Беларусі разам з незалежнымі СМІ, знікнуць. І сам адказаў на пытанне — беларусы гэтага не заўважаць.
Канцоўка яго выступу выйшла змазанай, але спікер шчыра прызнаўся, што ён ужо стаміўся.
Фінал, які пакінуў прыемны прысмак ад мерапрыемства
Тых, хто змог даседзець да канца круглага стала, чакаў прыемны сюрпрыз у выглядзе выступу ўкраінскага палітыка Юрыя Буздугана.
У сваім спакойным выступе, які моцна кантраставаў з эмацыйнымі фантанамі папярэдніх спікераў, прадстаўнік украінскіх сацыял-дэмакратаў сказаў, што Беларусь павінна стаць часткай вольнага свету і прапанаваць сваім грамадзянам не толькі свабоду, але і лепшую якасць жыцця.
Буздуган упэўнены, што Беларусь недаацэньваюць як геапалітычнага суб'екта. І ён заклікаў беларусаў у эміграцыі не ладзіць разборак паміж сабой, а сумесна выпрацаваць новы праект развіцця краіны.
Ён распавёў пра ідэю стварэння Балта-Дняпроўскага геапалітычнага кластара, у якім Беларусь павінна заняць важнае месца.
Палітык упэўнены, што Расія прайграе гэтую вайну, яна падзе, і ў гэты момант адкрыецца шанец для Беларусі. Як ён адкрыўся для Францыі пасля паразы Трэцяга рэйха ў Другой сусветнай вайне.
Аўдыторыя слухала яго ўважліва, месцамі нават затаіўшы дыханне. Бо ён прапанаваў нам ідэю не для падзелу, а для аб'яднання. Добрае завяршэнне круглага стала неабыякавых беларусаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.