“Рэвалюцыі не будзе”. Чаго чакаць беларусам у наступныя пяць год

падчас пратэстаў 2020-га / TUT.by
"Людзі, якія галасавалі за Ціханоўскую, якія крычалі “Сыходзь”, цяпер часткова дэманструюць лаяльнасць уладзе. Ці гэта шчырая падтрымка? Наўрад ці”, — распавёў сацыёлаг Філіп Біканаў. Сваімі назіранням ён падзяліўся на канферэнцыі пра будучыню Беларусі Reshape, якая прайшла ў Варшаве 15 чэрвеня.
Усё не настолькі кепска, як магло б падацца
Праз пяць гадоў пасля выбараў 2020 года і тры гады з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, беларускае грамадства працягвае захоўваць унутраны супраціў, нягледзячы на сістэмны ціск і прапаганду. Пра гэта сведчаць сацыяльныя даследаванні, якімі займаецца сацыёлаг Філіп Біканаў разам з калегамі.
"Усё не настолькі кепска, як магло б падацца. Нягледзячы на вялікія высілкі дзяржавы, каб выціснуць носьбітаў нацыянальна арыентаванага беларускага праекта, гэта цалкам не атрымліваецца. Такія людзі застаюцца — няхай яны і не большасць, але іх дастаткова, каб казаць: яны ёсць. І яны не знікаюць нават пад рэпрэсіямі", — адзначае эксперт.
Аднак, паводле Біканава, улады ўсё ж змаглі змяніць паводзіны часткі тых, хто выступаў супраць рэжыму ў 2020 годзе.
@euroradio Вайна выгадная #лукашенко . Толькі на ёй і трымаецца яго эканоміка. Калі скончыцца вайна - эканоміцы хана, упэўненая экспертка ў галіне дзяржаўнага кіравання Аліса Рыжычэнка #беларусь #беларусь🇧🇾 #россия #бчб #бчб🤍❤🤍 #экономика #эканоміка #цікток #тыкток ♬ оригинальный звук - Euroradio
"Людзі, якія галасавалі за Ціханоўскую, якія крычалі “Сыходзь”, цяпер часткова дэманструюць лаяльнасць уладзе. Ці гэта шчырая падтрымка? Наўрад ці. Гэта хутчэй сітуатыўная рэакцыя на вайну. Людзі баяцца, і Лукашэнка выглядае як той, хто, на іх думку, абараняе ад удзелу ў ёй", — кажа сацыёлаг.
Ён звяртае ўвагу, што беларусы схільныя да адаптацыі, асабліва калі сітуацыя выглядае стабільнай, нават калі яна выклікана аўтарытарным кіраваннем.
Рэпрэсіі працягнуцца, але новай рэвалюцыі не будзе?
На думку Біканава, спадзявацца на паўтарэнне пратэстнага выбуху 2020 года не варта.
"Ці значыць гэта, што ў Беларусі цяпер 90% зацятых прыхільнікаў Лукашэнкі? Вядома, не. Але і чакаць новай рэвалюцыі ў найбліжэйшай перспектыве, асабліва пакуль жывы Лукашэнка, не даводзіцца. Я думаю, што рэпрэсіі не спыняцца — яны будуць працягвацца, пакуль ён пры ўладзе", — сцвярджае ён.
Моладзь і TikTok: інфармацыйная вайна працягваецца
Асобную трывогу ў сацыёлага выклікае ўплыў улады на маладое пакаленне праз сацыяльныя сеткі.

"Моладзь, якой у 2020 годзе было 10–12 гадоў, цяпер схільная давяраць рэжымным наратывам, падтрымліваць Расію. Гэта вынік мэтанакіраванай працы праз TikTok і падобныя платформы, дзе дэмакратычным сілам вельмі цяжка прабіцца. Напрыклад, нядаўна былі забанены акаўнты Ціханоўскай і Латушкі — гэта значна абмяжоўвае інфармацыйнае поле", — адзначае Філіп Біканаў.
Пры гэтым ён падкрэслівае, што гэта не азначае поўнай перамогі прапаганды.
Беларускасць — павольная, але жывучая
Паводле даследаванняў, нацыянальная ідэнтычнасць у Беларусі працягвае існаваць — не ва ўрачыстых і рамантычных формах, але на ўзроўні штодзённых выбараў і каштоўнасцяў.
"Не варта чакаць, што Беларусь у бліжэйшыя гады стане краінай, дзе ўсе размаўляюць па-беларуску і будуюць нацыю па-за савецкай мадэллю. Але дакладна відаць — людзі не хочуць, каб краіна далей “зрасейчывалася”. Найменш папулярны сцэнар у апытаннях — павелічэнне ўплыву расійскай мовы. Людзі хочуць альбо балансу, альбо большага ўплыву беларускай мовы. Гэта ўжо адлюстроўваецца, напрыклад, у рэкламе і бізнесе", — кажа эксперт.
Супраціў ваеннай рыторыцы
Яшчэ адзін трывалы паказчык супраціву — стаўленне да вайны.

"Расійская прапаганда спрабуе прасунуць ідэю, што Беларусь мусіць далучыцца да "старэйшага брата" у вайне супраць Украіны. Але беларусы гэтую ідэю не купляюць. Яны могуць і не быць фанатамі Украіны, але ідэя яе знішчэння ім чужая", — падкрэслівае Біканаў.
Ён дадае, што грамадства з насцярогай ставіцца да мілітарызацыі краіны — як гэта было падчас з’яўлення "вагнераўцаў" або завозу ядзернай зброі.
Што далей?
Прагнозы на будучыню ў сацыёлага стрыманыя.
"Я не думаю, што за наступныя пяць гадоў нешта істотна зменіцца. Падтрымка ўлады, магчыма, і будзе павялічвацца, але ці ператворыцца нейтральная частка грамадства ў прыхільнікаў рэжыму — сумняваюся.
Спатрэбілася вялікая вайна, каб падтрымка Лукашэнкі пачала расці. Што яшчэ павінна адбыцца, каб яна стала масавай — нават цяжка сабе ўявіць. І не думаю, што гэтыя сцэнарыі рэалістычныя", — рэзюмуе Філіп Біканаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.