"Паказвае саміх удзельнікаў". Вячорка — пра канфлікт на "Сходзе неабыякавых"

Франак Вячорка / Еўрарадыё
"Наконт саміх павернутых спінаў я не лічу, што гэта добрая практыка, гэта паказвае саміх удзельнікаў, тым больш яны самі запрасілі мяне паўдзельнічаць", — так дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка пракаментаваў "Нашай Ніве" канфлікт на "Сходзе неабыякавых", дзе ўдзельнікі падчас яго прамовы павярнуліся да палітыка спінамі і потым раілі ісці яму "на будоўлю".
"Я правёў там гадзіны паўтары. І ў калідорах, і на ўваходзе да мяне падыходзілі розныя людзі, пыталіся, да каго далучыцца, каб да беларускай справы спрычыніцца. Многія проста не ведаюць, дзе якія арганізацыі працуюць, наша задача — гэта паказваць. Многіх я запрасіў на канферэнцыю Новай Беларусі і іншыя мерапрыемствы".
Вячорка ўпэўнены, што "ў сённяшніх складаных умовах трэба паляпшаць каардынацыю, а не шукаць вінаватых".
"Добра, калі людзі аб’ядноўваюцца і будуюць супольнасці, але важна, каб гэтае аб’яднанне было вакол справаў і агульных мэт, а не вакол унутраных разборак і таго, хто каго не любіць. Гэта тое, што я спрабаваў данесці".
Вячорка лічыць, што называць іх [удзельнікаў "Сходу неабыякавых"] "апанентамі" няправільна.
"Апанент у нас адзін — лукашэнкаўска-пуцінскі рэжым, а ўсе, хто змагаецца за Беларусь — яны паплечнікі (ці патэнцыйныя паплечнікі). І паварочвацца спінамі адзін да аднаго ніяк не дапамагае справе. Трэба наадварот узмацняцца, даваць адно аднаму энергію, шукаць разам рашэнні праблемаў.
На сходзе было вельмі шмат прыстойных людзей, якім баліць за Беларусь, кожны з іх можа працаваць у сваім напрамку. І з тым, хто гэтага хоча, мы паразмаўлялі, пачулі адзін аднаго. Існуе нейкае ўяўленне, што Ціханоўская ўсё павінна за нас павырашаць, але многія праблемы, пра якія я чуў у калідоры, могуць вырашацца людзьмі на месцах — тым жа лістом альбо калектыўнай заявай, юрыдычнай кансультацыяй".
Франак Вячорка адзначыў, што тэрмінова пакінуў сход праз форс-мажор, які вымусіў яго аператыўна вяртацца ў Вільню, а не таму, што "спужаўся".
"Я нікога не баюся, рады размаўляць з усімі, незалежна ад палітычных поглядаў і сімпатый".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.