Як дэмсілы (не)фармавалі ідэі на палітычныя пяцігодкі ў Варшаве. Меркаванне

Алеся Руднік, Аліна Харысава, Франак Вячорка, Лізавета Пракопчык, Андрэй Ягораў на канферэнцыі Reshape у Варшаве 15 чэрвеня / Belsat
Прайшла Reshape, аднадзённая канферэнцыя, арганізаваная Цэнтрам новых ідэй у Варшаве. Толькі не спакушайцеся, новых ідэй на ёй не прагучала, толькі, як кажа сама назва, "надало формы" сітуацыі беларусаў у 2025 годзе.
Піша Янка Рэн
Галоўнымі на мерапрыемстве сталі блокі, якія можна падзяліць на ўмоўныя "што мы зрабілі за мінулую пяцігодку" і "чаго можна чакаць ад наступнай".
Як бы ўдзельнікам ні хацелася пакрытыкаваць прадстаўніка офіса Святланы Ціханоўскай за бяздзейнасць, Франак Вячорка выкруціўся, і было з чым. Здавалася, гэта адзіны спікер, які мог расказаць пра канкрэтную працу, пры гэтым не без самакрытыкі.
Дзеянні Офіса за мінулы год ён ацаніў на 5-6 балаў з 10, а таксама прызнаў, што большая частка працы закранала канкрэтныя актуальныя выпадкі (такія, як легалізацыя, пошук сродкаў або нават недапушчэнне дэпартацыі актывістаў у Беларусь), а не глабальнае развязанне праблем беларусаў.

Крытыка апанентаў аказалася проста нераўнасільнай і недастаткова аргументаванай (цытаты расійскіх рэпераў 10-гадовай даўніны ну зусім не дапамаглі).
Характэрна, што падчас гэтага падвядзення вынікаў не згадвалася Расія, чаго не скажаш пра наступную дыскусію. Сваім бачаннем Беларусі ў еўрапейскай сям'і падзяліліся замежныя эксперты з міжнародных фондаў і дыпламаты.
Яны распавялі, што далёка не ўсе ў Заходняй Еўропе лічаць Беларусь суверэннай, не часткай Расіі. Вялікі ўплыў на гэта мае сама Расія, якая называе нашу краіну "сваёй". І нягледзячы на тое, што тэма Беларусі не з'яўляецца цяпер прыярытэтнай, спікеры вераць у дэмакратычныя перамены ўнутры краіны, але пры захаванні балансу паміж каштоўнасцямі, сілай і выгадай.
Многія ўдзельнікі канферэнцыі большага чакалі ад апошняй часткі мерапрыемства, прытым самай няўдзячнай, таму што яна тычылася прагнозаў на наступную пяцігодку.
Адказ "не ведаем" быў самым папулярным. Нядзіўна, бо ніхто з прысутных і ў мінулую пяцігодку не мог выказаць здагадку пра тое, дзе апынецца Беларусь цяпер. І як выразна пажартавала эканамічная аглядальніца Вольга Лойка, яе гарызонт планавання — гэта трохмесячны праязны ў варшаўскім грамадскім транспарце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.