Вызваленых з Беларусі ўкраінцаў перавязлі праз мяжу на інвалідных вазках
Украінскія палонныя перасякаюць беларускую мяжу / Скрыншот
Вызваленых з беларускіх калоній украінцаў сустракалі на радзіме ў кіеўскім аэрапорце. Але з Беларусі іх перадалі праз сухапутную мяжу. І толькі потым даставілі верталётам у Кіеў — гэта стала ясна з відэа, апублікаванага Службай бяспекі Украіны.
Таксама на ім відаць, што некаторыя вызваленыя перамяшчаюцца на інвалідных вазках.
Напярэдадні Уладзімір Зяленскі паведаміў, што 29 чэрвеня былі вызваленыя 10 украінцаў, пяцёра з якіх утрымліваліся ў зняволенні ў Беларусі. Гэта Мікола Швец, якога прапаганда называла "Гаспарам" і абвінавачвала ў арганізацыі дыверсіі ў Мачулішчах, а таксама Павел Купрыенка, Наталля Захаранка, Людміла Ганчарэнка і Кацярына Бруханава.
Пазней стала вядома, што ўкраінcкія ўлады дамагліся вызвалення сваіх грамадзянаў па абмене, як палонных. Абмен адбыўся дзякуючы працы прадстаўнікоў Ватыкана.