Вызвалены палітвязень Ігар Повараў

Ігар Повараў / spring96.org
Вызвалены палітвязень Ігар Повараў. 33-гадовы былы супрацоўнік БМЗ у Жлобіне, актывіст забастоўкі быў за кратамі з лістапада 2020-га. Ён цалкам адбыў тэрмін зняволення і ў канцы верасня выйшаў на волю, паведамляюць праваабаронцы.
17 жніўня 2020 года на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў Ігар Повараў разам з Аляксандрам Бабровым і Яўгенам Говарам перакрылі дарогу для тэхналагічнага транспарту на заводзе. Была распачатая крымінальная справа. Усім траім суд прызначыў пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады ў калоніі агульнага рэжыму. Баброў і Говар былі памілаваныя па ўказу Аляксандра Лукашэнкі. Ігар Повараў адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
У сярэдзіне снежня 2021 года Повараву ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым (у гродзенскую турму № 1) тэрмінам на 1 год. Па заканчэнні гэтага тэрміну яго зноў адправілі ў наваполацкую ПК № 1.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.