Вызначыліся ўдзельнікі плэй-оф чэмпіянату Беларусі па хакеі ў экстралізе

У чэмпіянаце Беларусі па хакеі ў экстралізе сталі вядомыя ўсе ўдзельнікі плэй-оф. 26 лютага пачынаюцца матчы 1/4 фіналу.

Як паведамляе БЕЛТА, 23 лютага "Юнацтва" перамагло клуб "Дынама-Маладзечна" з лікам 6:3. У Жлобіне мясцовы "Металург" саступіў "Гомелю" — 1:3. А ў Гродне "Нёман" перамог лідара турнірнай табліцы "Шахцёра" — 2:0.

У матчах за 7-11-е месцы "Хімік-СКА" зазнаў паразу ад "Магілёва" — 2:4. А ў сустрэчы "Віцебска" з "Лідай" была забітая фенаменальная колькасць шайбаў — ажно 15. Мацнейшай апынулася "Ліда", якая выйграла з лікам 10:5.

Такім чынам, у 1/4 фіналу чэмпіянату Беларусі сустрэнуцца: "Шахцёр" — "Хімік-СКА", "Гомель" — "Віцебск", "Юнацтва" — "Дынама-Маладзечна", "Нёман" — "Металург".

Серыя працягнецца да трох перамог. Першыя матчы пройдуць 26 і 27 лютага.

Выніковае турнірнае становішча:

за 1-6-е месцы:

1. "Шахцёр" (Салігорск) — 123 ачкі (55 матчаў; розніца шайбаў — 204-94),

2. "Гомель" — 119 (55; 208-102),

3. "Юнацтва-Мінск" — 112 (55; 204-123),

4. "Нёман" (Гродна) — 103 (55; 167-122),

5. "Металург-Жлобін" — 88 (55; 162-129),

6. "Дынама-Маладзечна" — 77 (55; 150-152);

за 7-11-е месцы:

7. "Віцебск" — 69 (52; 155-185),

8. "Хімік-СКА" (Наваполацк) — 68 (52; 147-162),

9. "Ліда" — 50 (52; 132-202),

10. "Брэст" — 41 (52; 112-218),

11. "Магілёў" — 35 (52, 118-270).

Фота — belarushockey.com