Вытворца палаючых МАЗаў паскардзіўся на несумленных канкурэнтаў у Расіі

Аўтобусы МАЗ, ілюстрацыйнае фота / БЕЛТА
На расійскім рынку мясцовыя вытворцы аўтобусаў несумленна ваююць з беларускімі. Такую заяву ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТБ зрабіў намеснік гендырэктара АТ "МАЗ" Аляксандр Ігнацюк.
Расійскі рынак ён назваў высокаканкурэнтным, дзе актыўна ўдзельнічаюць не толькі мясцовыя кампаніі, але і кітайскія. Аднак канкурэнцыю з боку расійскіх кампаній Ігнацюк ацаніў як несумленную: "Ваююць, і не па-сумленнаму, і ў цэнавым сегменце вельмі моцна ваююць".
Сёлета на заводзе МАЗ плануецца выпусціць 2300 аўтобусаў, палову з якіх адправяць у Расію. Прадпрыемства падпісала буйны кантракт на пастаўку электробусаў, а ў Пецярбург адправяцца "гармонікі". Таксама МАЗ за два месяцы выйграў тэндары на прыкладна 500 адзінак тэхнікі для розных расійскіх гарадоў — ад Краснадара да Нарыльска.
Тым часам у Расіі аўтобусы прадпрыемства праславіліся частымі ўзгараннямі. У пэўны перыяд паведамленні пра пажары аўтобусаў МАЗ з'яўляліся штотыдзень. Усе гэтыя здарэнні пачаліся пасля ўвядзення міжнародных санкцый, калі на заводзе былі вымушаныя замяняць некаторыя імпартныя дэталі.
У траўні 2025 года віцэ-губернатар Санкт-Пецярбурга Кірыл Палякоў далажыў, што аўтобусы МАЗ гарэць перасталі: дапамаглі пераход на камплектуючыя з РФ і паляпшэнне тэхабслугоўвання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.