Вынесены прысуд па "справе медыкаў", па якой праходзіў 21 чалавек
27 снежня суддзя Мінгарсуда Ігар Любавіцкі абвясціў прысуд па гучнай "справе медыкаў". Працэс цягнуўся больш за чатыры месяцы, абвінавачанымі па справе быў 21 чалавек.
Па гэтай справе праходзіў дырэктар кампаніі "Іскамед" Сяргей Шакуцін, брат вядомага бізнэсоўца Аляксандра Шакуціна. Дарэчы, Сяргей Шакуцін быў адзіным, хто не прызнаў сваю віну, адзначае TUT.by.
З 21 абвінавачанага шасцёра знаходзяцца пад вартай, астатнія — пад хатнім арыштам.
Фігуранты справы абвінавачаныя па двух артыкулах — дача хабару і атрыманне хабару. Агульная сума хабару склала 119 550 долараў і 26 350 еўра. Па версіі следства, бізнэсоўцы перадавалі грошы за дапамогу ў рэгістрацыі лекаў і медыцынскай тэхнікі, а таксама пастаўку лекавых сродкаў.
Дырэктара Цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандра Сталярова прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры, ён асуджаны на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго намесніку Сяргею Зінчанку прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі, начальніку ўпраўлення медтэхнікі Цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Сяргею Лешчылоўскаму — 3 гады пазбаўлення волі. Экс-намесніца гендырэктара віцебскай "Фармацыі" Кацярына Шнітко асуджаная на 5 гадоў пазбаўлення волі. Андрэй Шчука, які кіраваў гродзенскай "Фармацыяй" — на 2,5 года.
Былы дырэктар "Белфармацыі" Вячаслаў Гніцій за атрыманне хабараў асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі, дырэктар Гомельскага прадпрыемства "Фармацыя" Наталля Судакова — на 3 гады калоніі агульнага рэжыму.
Бізнэсоўцу Сяргею Шакуціну прысудзілі 1,5 года пазбаўлення волі і вызвалілі ў зале суда — з яго ўзялі падпіску аб нявыездзе да часу, пакуль прысуд набудзе моц. Кіраўніка "Аптэка груп" Леаніда Томчына асудзілі на 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, а выканаўчага дырэктара гэтай кампаніі Рамана Альтшулера — на 4 гады абмежавання волі, таксама без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Заснавальнік фірмы "Геол-М" Уладзімір Ладуцька і Генадзь Сабалеўскі прысуджаныя да штрафу — па 1 тысячы базавых велічыняў (25 500 рублёў). Маю Наўбатаву за хабар у 50 еўра аштрафавалі на 400 базавых велічыняў (10 200). Міхаіла Гаўрылава асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі, Віктара Балоціна — на 3 гады абмежавання.
Адзін з канваіраў падчас абвяшчэння прысуду страціў прытомнасць.
Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.