Выбухі ў Кіеве і Адэсе — расіяне нанеслі новы ракетны ўдар па Украіне
Пускі здзейснілі з самалётаў Ту-95 / hdpic.club
Расійскія войскі раніцай 26 студзеня нанеслі чарговы ракетны ўдар па тэрыторыі Украіны. Пра ракеты паведамляюць кіраўнікі Мікалаеўскай, Хмяльніцкай, Жытомірскай абласцей і старшыня Днепрапятроўскага абласнога савета Мікалай Лукашук, піша Hromadske.
Працуе СПА. "Ёсць першыя збіванні ракет расіянаў", — кажа кіраўнік Офіса ўкраінскага прэзідэнта Андрэй Ярмак. Па словах спікера паветраных сіл Юрыя Ігната, чакаюць больш за 30 ракет. Пускі здзейснілі каля шасці самалётаў Ту-95, якія, паводле папярэдняй інфармацыі, вылецелі з раёна Мурманскай вобласці.
"Чакаем больш за 30 ракет, якія ўжо, у прынцыпе, пачалі з'яўляцца ў розных абласцях, працуе СПА", — сказаў Ігнат.
Вядома пра выбухі ў Адэсе і Кіеве. Выбух ва ўкраінскай сталіцы пацвердзіў мэр Віталь Клічко. У Вінніцкай вобласці ёсць пападанне ракет.
Праз пагрозу ракетных удараў у Кіеве, Кіеўскай, Адэскай, Днепрапятроўскай, Кіраваградскай і Сумскай абласцях прэвентыўна адключылі электрычнасць. Гэта робіцца, каб пазбегнуць значных пашкоджанняў энергетычнай інфраструктуры, калі расійскія ракеты дасягнуць цэлі.