Выбары ў Польшчы: Хто ёсць хто і як гэта можа паўплываць на беларусаў
Хутчэй за ўсё, у Сейм пройдуць прадстаўнікі пяці кааліцый / PAP
Выбары ў польскі Сейм пройдуць ужо 15 кастрычніка. Менавіта яны вызначаць, якім будзе ўрад Польшчы — а значыць, і палітыка: нягледзячы на досыць вялікія паўнамоцтвы прэзідэнта, яна з'яўляецца парламенцкай рэспублікай.
Якія партыі — асноўныя кандыдаты на траплянне ў парламент і якая ў іх пазіцыя па сітуацыі ў Беларусі? Еўрарадыё тлумачыць.
“Права і справядлівасць”
Правая кансерватыўная партыя "Права і справядлівасць" ("Prawo i Sprawiedliwość", больш карэктны пераклад — "Закон і справядлівасць") цяпер з'яўляецца кіроўнай. Пасля выбараў 2015-га яна ўжо два тэрміны атрымлівае дастаткова месцаў, каб сфармаваць урад большасці.
З пазіцыяй PiS па Беларусі ўсё відавочна: партыя выступае за падтрымку беларусаў эміграцыі і за працяг ціску на рэжым Лукашэнкі.
Урад актыўна працуе з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, а прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда (таксама прадстаўнік PiS) — у лідарах па колькасці сустрэч і размоў са Святланай Ціханоўскай.
“Грамадзянская кааліцыя”
Koalicja Obywatelska — аб'яднанне некалькіх партый, самай буйной з якіх з'яўляецца "Грамадзянская платформа" пад кіраўніцтвам Дональда Туска. Па ідэалогіі — ліберальная і праеўрапейская, але ў цэлым там імкнуцца прытрымлівацца цэнтрысцкіх пазіцый.
З гледзішча стаўлення да Беларусі і беларусаў "Грамадзянская кааліцыя" нічым не адрозніваецца ад "ПіС": палітыкі партыі — і Дональд Туск, і мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі — выступаюць за падтрымку дэмакратычных зменаў у Беларусі і ціск на Лукашэнку. Больш за тое, Туск падчас свайго прэм'ерства (2007-2014) трапляў у "чорныя спісы" беларускіх уладаў.
І менавіта падчас прэм'ерства Туска ўрад Польшчы запусціў тэлеканал "Белсат".
Аб'яднаныя левыя
Lewica — кааліцыя левых партый, якая таксама, хутчэй за ўсё, пройдзе ў парламент.
Пра міжнародную палітыку прадстаўнікі кааліцыі кажуць не так шмат, але ў іх праграме прапісаная неабходнасць падтрымліваць у тым ліку беларускія дэмакратычныя сілы, а таксама паважаць мігрантаў і ўцекачоў у Польшчы і спрасціць працэдуры атрымання абароны. Акрамя таго, адзін з лідараў руху, Роберт Бедрань, хай цяпер і не балатуецца (бо ён у Еўрапарламенце), але актыўна падтрымлівае Беларусь і з'яўляецца кіраўніком парламенцкай групы па адносінах з прадстаўнікамі беларускіх дэмсілаў.
Іншыя лідары кааліцыі таксама падтрымліваюць нас. У тым ліку Уладзімеж Чажасты, які патрабаваў зняцця з пасады віцэ-спікера польскага Сейма пасля яго нападак на Ціханоўскую, і Адрыян Зандберг, які ў 2020-м патрабаваў ад урада рабіць больш актыўныя захады для падтрымкі пераменаў у Беларусі.
“Трэцяя дарога”
Trzecia Droga — кааліцыя цэнтрыстаў і хрысціянскіх дэмакратаў. Унутры ёсць некалькі фракцый, ад права- да левацэнтрызму, але ў цэлым яны займаюць ліберальна-дэмакратычныя пазіцыі.
Да сітуацыі ў Беларусі лідары кааліцыі таксама ставяцца адназначна: яшчэ ў жніўні 2020-га Шымон Галоўня заклікаў прапрацаваць пытанне гуманітарнага калідора і прыёму рэпрэсаваных беларусаў і неаднаразова асуджаў рэжым Лукашэнкі. Тое ж самае можна сказаць і пра Уладзіслава Касіняк-Камыша. Акрамя таго, і ён, і Галоўня былі сярод тых, хто таксама выступаў супраць нападак на Ціханоўскую ў Сейме.
“Канфедэрацыя”
Поўная назва — "Канфедэрацыя свабоды і незалежнасці" (Konfederacja Wolność i Niepodległość). Гэта кааліцыя ультраправых папулісцкіх партый. Іх заявы — ад зніжэння падаткаў да стварэння "рэестра ЛГБТ". Ну і, відавочна, яны супраць любой міграцыі.
Вылучаюцца яны не толькі радыкальна правымі поглядамі, але і стаўленнем да Беларусі. Адзін з лідараў кааліцыі, Кшыштаф Босак, у 2020-м заклікаў Польшчу "не ўмешвацца" ў сітуацыю ў Беларусі, а падтрымку дэмакратычных сіл называў "памылкай".
Дык хто будзе кіраваць?
Шчыры адказ: ніхто не ведае. Сацыялагічныя апытанні паказваюць трохі розныя лічбы, але ў цэлым на першае месца цяпер ставяць "ПіС", на другое — "Грамадзянскую кааліцыю", а трэцяе па чарзе дзеляць "Левыя" і "Трэцяя дарога", хоць яшчэ месяц таму ў тройцы была "Канфедэрацыя".
Цяпер ніводзін польскі экспэрт не можа з упэўненасцю сказаць, якімі будуць вынікі і хто ўрэшце зможа сфармаваць урад. Адно дакладна: хто б ні ўзначаліў Савет міністраў Польшчы, палітыка ў дачыненні да Беларусі кардынальна мяняцца не будзе, бо вакол сітуацыі ёсць міжпартыйны кансэнсус. Ва ўсіх, акрамя "Канфедэрацыі". Але іх шанцы трапіць ва ўрад вельмі малыя.